Пад Навагрудкам работнік загінуў пад абрынутай сцяной кароўніка
2- 9.10.2024, 18:05
- 5,174
Прычынай стаў МАЗ, які паехаў без кіроўцы.
У Навагрудскім раёне на ферме загінуў работнік сельгаспрадпрыемства, які латаў ямы асфальтам, паведамілі ў Следчым камітэце. Цяпер расследуюць справу аб прычыненні смерці па неасцярожнасці.
Удзень, 27 верасня, на адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна працаўнікі займаліся ямачным рамонтам у кароўніку. Адзін знаходзіўся ў кузаве грузавіка МАЗ, адкуль скідаў асфальт. У нейкі момант самазвал паехаў наперад - у кабіне нікога не было. Ён рэзнуўся бортам у кароўнік, і частка сцяны будынка абрынулася.
«Элементамі канструкцый разбуранай сцяны 52-гадоваму работніку, які знаходзіўся ў кузаве транспартнага сродку, прычыненыя цялесныя пашкоджанні. Калегі неадкладна выклікалі хуткую дапамогу. Аднак праведзеныя рэанімацыйныя мерапрыемствы не выратавалі мужчыну. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў ён памёр на месцы», - распавялі ў СК.
Як высветлілася, МАЗ стаяў на другой перадачы, а ручнік стаяначнага тормазу не быў зацягнуты. Дапытаныя сведкі, сярод якіх і відавочцы трагедыі. Тыя расказалі, што пасля таго, як аўтамабіль пакаціўся, ён рухаўся рыўкамі. Яшчэ будуць праводзіцца экспертызы і правярацца дакументы.
У дачыненні да 50-гадовага кіроўцы распачатая крымінальная справа на падставе ч.1 арт.144 КК (Прычыненне смерці па неасцярожнасці). Мужчыну пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.