Зяленскі: Сітуацыя на полі бою дазваляе скончыць вайну не пазней за 2025 год
7- 9.10.2024, 18:37
- 4,728
Прэзідэнт Украіны заявіў, што ў Кіева ёсць шанец рушыць наперад да міру ўжо ў найбліжэйшыя месяцы.
Сітуацыя на полі бою ва Украіне стварае магчымасць зрабіць крокі для спынення развязанай Расеяй вайны не пазней за 2025 год, заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падчас саміту Украіна - Паўднёва-Усходняя Еўропа ў Дуброўніку, паведамляе Reuters.
«У кастрычніку, лістападзе і снежні ў нас ёсць шанец рушыць наперад да міру і трывалай стабільнасці. Сітуацыя на полі бою стварае магчымасць зрабіць гэты выбар - выбар рашучых дзеянняў для спынення вайны не пазней за 2025 год», - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Зяленскі дадаў, што Украіна разлічвае на лідарства прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і «моцныя і мудрыя крокі» з боку Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны і Італіі. Ён таксама падкрэсліў, што разлічвае на ўсіх удзельнікаў саміту.
Прэзідэнт адзначыў, што мір немагчымы без геапалітычнай пэўнасці і што рэальнымі крокамі да міру было б запрашэнне Украіны ў NATO і будучае чаленства Украіны.
«Ці месца Украіны ў НАТА? Калі так, і гэта будзе належным чынам пацверджана, Пуцін геапалітычна саступіць. Расея павінна прызнаць, што Еўропа мае межы, незалежныя дзяржавы, і кожная з іх мае права выбіраць сваю будучыню. Праўда палягае ў тым, што прыняцце Расеяй гэтай рэальнасці можа пачацца толькі з разумення таго, што Украіна ніколі больш не будзе заняволеная Расеяй», - сказаў ён.
У сваёй прамове Зяленскі абвясціў, што да лістапада Украіна падрыхтуе дакумент аб асновах міру, у якім будуць пералічаныя ўмовы для справядлівага заканчэння вайны. Ён нагадаў, што Кіеў падрыхтаваў план перамогі, пасля рэалізацыі якога Расея больш не зможа пагражаць Еўропе, і дзеліцца дэталямі плана з усімі, хто можа дапамагчы Украіне дасягнуць ягоных мэтаў.