У Беларусь упершыню за паўтара года прыляцеў расейскі МіГ-31К
3- 9.10.2024, 18:49
- 6,032
Гэты самалёт з'яўляецца носьбітам гіпергукавых ракет «Кінжал».
Расейскі знішчальнік МіГ-31К, імаверна, прыляцеў на адзін з аэрадромаў Беларусі. Гэты самалёт з'яўляецца носьбітам гіпергукавых ракет «Кінжал».
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на маніторынгавую групу «Беларускі Гаюн».
Паводле звестак маніторынгу, знішчальнік МіГ-31К ПКС РФ прызямліўся на беларускім аэрадроме «Мачулішчы», што каля Менска.
Варта заўважыць, што знішчальнікаў тыпу МіГ-31К ПКС РФ не было ў Беларусі з 6 красавіка 2023 года. Пры гэтым тады Расея і Беларусь імітавалі вылеты МіГ-31К. Гэта ў сваю чаргу прыводзіла да маштабных паветраных трывог ва Украіне.
МіГ-31К - гэта мадыфікацыя савецкага шматмэтавага перахопніка МіГ-31, распрацаваная для запуску гіпергукавых ракет «Кінжал». МіГ-31К можа выконваць задачы перахопу паветраных цэляў і нанясення ўдараў па наземных аб'ектах з дапамогай высокадакладных ракет.
Асноўным узбраеннем МіГ-31К з'яўляецца гіпергукавая ракета «Кінжал», якая мае далёкасць да 2000 км і можа дасягаць хуткасці ў 10 разоў большай за хуткасць гуку. Самалёт абсталяваны сучаснымі авіянічнымі сістэмамі, якія дазваляюць эфектыўна выяўляць і ідэнтыфікаваць цэлі, а таксама каардынаваць дзеянні з іншымі вайсковымі падраздзяленнямі.