Лукашэнка змог выпрасіць у Пуціна $300 мільёнаў
19- 9.10.2024, 20:08
- 17,900
Крэдыт пойдзе на пакрыццё часткі дэфіцыту дзяржаўнага бюджэту.
Аляксандр Лукашэнка, які наведаў у сераду Маскву, вернецца ў Менск з новым расейскім крэдытам.
Ягоны памер складзе блізу 1 млрд беларускіх рублёў ($300 млн), паведаміў міністр фінансаў рэспублікі Юры Селіверстаў.
Паводле ягоных словаў, гэтымі грашыма Менск пакрые частку дэфіцыту дзяржаўнага бюджэту, які ацэньваецца на 4,5 млрд беларускіх рублёў у 2025 годзе. «Практычна мільярд рублёў – гэта будзе знешняе ўліццё», – сказаў Сіліверстаў.
Беларусь ужо з'яўляецца найбуйнейшай з пазычальніцаў Расеі: паводле звестак Сусветнага банка яе запазычанасць складае $8,2 млрд, а яшчэ $2,4 млрд пазык Менск назбіраў перад Еўразійскім банкам развіцця (ЕАБР), які на 90% напоўнены расейскім капіталам.
У снежні летась Пуцін падпісаў закон, які дазваляе рэжыму Лукашэнкі перанесці на 2029–2034 гады выплаты ў крэдытах, якія Беларусь атрымлівала ў 2023 годзе. Гаворка ідзе пра прыкладна 105 млрд рублёў ($1,1 млрд паводле цяперашняга курсу), якія вылучаліся на «развіццё высокатэхналагічных вытворчасцяў».