У ЗША скончылі падлік галасоў на прэзідэнцкіх выбарах
22- 10.11.2024, 9:10
- 16,508
Стала вядома, колькі набралі Трамп і Гарыс.
У ЗША скончылі падлік галасоў на прэзідэнцкіх выбарах, уключаючы так званыя вагальныя штаты. Рэспубліканец Дональд Трамп набраў 312 галасоў выбарцаў пры неабходных для перамогі 270, а Камала Гарыс - 226, паведамляе Reuters са спасылкай на Edison Research.
Напярэдадні, 9 лістапада, лічыць галасы скончылі ў Арызоне - там, як і ў астатніх шасці вагальных штатах (акрамя Арызоны да іх належаць Мічыган, Пенсільванія, Джорджыя, Паўночная Караліна, Вісконсін і Невада), перамог Дональд Трамп. Ён умацаваў свой выніковы вынік да 312 галасоў выбарцаў пры неабходных для перамогі 270. У Камалы Гарыс па выніках выбараў 226 галасоў.
У 2020 годзе Джо Байдэн перамог Трампа, перамогшы ў шасці з сямі вагальных штатаў — і крыху сатсупіўшы ў Паўночнай Караліне. Тады дзейны прэзідэнт ЗША атрымаў 306 галасоў калегіі выбарцаў супраць 232 у Трампа.
У сваю чаргу Трамп таксама набраў 306 галасоў у 2016 годзе, перамогшы Хілары Клінтан і стаўшы прэзідэнтам. Такім чынам, сёлетні вынік стаў для яго рэкордным.
Паводле звестак Associated Press, Трамп набраў 74,6 мільёна галасоў па ўсёй краіне, ці 50,5%, а Гарыс – 70,9 мільёна, ці 48%.
Пасля таго, як 6 студзеня Кангрэс зацвердзіць вынікі галасавання калегіі выбарцаў, Трамп і яго будучы віцэ-прэзідэнт, сенатар Вэнс, павінны ўступіць на пасаду 20 студзеня.
Нагадаем, прэзідэнцкія выбары ў ЗША адбыліся 4 лістапада. Афіцыйныя вынікі яшчэ не абвешчаныя, але Трамп ужо абвясціў сябе 47-м прэзідэнтам ЗША. Кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Камала Гарыс прызнала сваю паразу.