Украінскія хакеры ўзламалі сістэму падатковай службы Беларусі
14- 11.11.2024, 15:18
- 26,984
Амаль 300 унутраных віртуальных машын былі сцёртыя.
Праўкраінская хакерская групоўка Dump Forums заявіла 10 лістапада аб узломе партала электронных рахункаў-фактур (ЭСЧФ), які з'яўляецца афіцыйным рэсурсам Міністэрства падаткаў і збораў Рэспублікі Беларусь. Свае дзеянні хакеры растлумачылі тым, што "не забыліся пра тых, хто падтрымлівае Расейскую Федэрацыю ў яе несправядлівай і разбуральнай вайне супраць Украіны":
"Мы атакавалі і цалкам знішчылі інфраструктуру дзяржаўнага рэсурсу "Электронныя рахункі-фактуры". Наша каманда правяла мэтавую аперацыю выдалення крытычных звестак і віртуальных машын, што пацягнула за сабой поўнае парушэнне функцыянавання дзяржаўнага сэрвісу".
Як сцвярджаюць хакеры, ім удалося выгрузіць базы звестак грамадзян, якія змяшчаюць асабістую інфармацыю, знішчыць вэб-сайты, унутраныя дакументы і файлы дакументаабарачэння, без якіх работа ведамстваў, хоць і часова, але будзе паралізаваная. Каля 300 унутраных віртуальных машын былі сцёртыя, сцвярджаецца ў інфармацыі .
На момант выхаду допіса партал сапраўды не працаваў. На раніцу 11 лістапада галоўная старонка даступная, але пры націску на кнопку «Пачаць працу» старонка не загружаецца.
Партал прызначаны для аўтаматызацыі працэсу стварэння, адпраўкі, атрымання і захоўвання электронных рахункаў-фактур падаткаў на дададзеную вартасць (ПДВ). З 1 ліпеня 2016 года выкарыстанне ЭСЧФ стала абавязковым для ўсіх плацельшчыкаў ПДВ у Беларусі.
«У нас узламаныя многія буйныя і сярэднія кампаніі, а таксама дзяржаўныя органы ў Беларусі. Гэтая акцыя - толькі напамін: кожны, хто падтрымлівае агрэсію супраць Украіны, павінен разумець, што ён не зможа застацца бяспакараным», - заявілі ў Dump Forums.