ЗША пакінулі Кітай без чыпаў для ШІ
11- 11.11.2024, 12:43
- 9,342
Адной пастовай.
ЗША абавязалі найбуйнейшага вытворцу чыпаў у свеце Taiwan Semiconductor Manufacturing Co (TSMC) спыніць пастаўкі перадавых мікрачыпаў, якія выкарыстоўваюцца ў дадатках штучнага інтэлекту (ШІ), кітайскім кліентам. Пра гэта паведаміла крыніца, дасведчаная ў сітуацыі, паведамляе агенцтва Reuters.
Міністэрства гандлю ЗША накіравала TSMC афіцыйнае апавяшчэнне аб абмежаваннях на экспарт чыпаў з дызайнам на 7 нанаметраў або менш, прызначаных для кітайскіх кліентаў, якія выкарыстоўваюцца ў ШІ-акселератарах і графічных працэсарах (GPU).
Гэты крок адбыўся праз некалькі тыдняў пасля таго, як TSMC паведаміла Міністэрству гандлю аб выяўленні яе чыпа ў працэсары ШІ кампаніі Huawei, што можа парушаць экспартныя правілы ЗША. Кампанія Tech Insights, якая займаецца даследаваннямі тэхналогій, прааналізавала гэты прадукт і выявіла ў ім чып ад TSMC, што магло сведчыць аб парушэнні экспартнага кантролю.
Huawei, якая з'яўляецца аб'ектам санкцый з боку ЗША, знаходзіцца ў спісе кампаній з абмежаваным доступам да амерыканскіх тэхналогій. Гэта азначае, што кожная ліцэнзія, якая спрыяе развіццю ШІ Huawei, хутчэй за ўсё, будзе адхіленая.
Некаторыя крыніцы паказваюць, што апошні крок ЗША закране большую колькасць кампаній, дазваляючы ўраду правяраць, ці не пастаўляюць іншыя кампаніі чыпы для працэсараў ШІ Huawei.
TSMC ужо апавясціла сваіх кліентаў аб прыпыненні паставак з 11 лістапада.
Міністэрства гандлю ЗША ад каментароў устрымалася, а Міністэрства эканомікі Тайваня заявіла, што TSMC мае намер выконваць усе міжнародныя і мясцовыя правілы экспартнага кантролю.