За 60 км ад Менска здаюць дамы на дзень коштам адпачынку на Канарскіх выспах
14- 11.11.2024, 18:46
- 11,996
Чаму так дорага?
У TikTok-акаўнце аб вандроўках belarus360 распавялі пра адпачынак у новых хатках на вадзе. Яны знаходзяцца ў загарадным комплексе «Шышкі» - гэта за 60 кіламетраў ад Менска. Кошт арэнды можа здзівіць вас, піша CityDog.
Што гэта за домікі ў «Шышках»?
Дамкі з падзённай арэндай пачалі здавацца толькі ў лістападзе. У іх ёсць вялікія тэрасы і панарамныя вокны з выглядам на возера, таму, як сказала блогерка, «адчуванне, як быццам прыехалі на мора».
Унутры кожнага дамка два пакоі: на першым паверсе знаходзіцца гасцёўня і невялікі санвузел, на другім - спальня.
Кошт арэнды на адзін дзень - 800 рублёў. Унутры ёсць усё неабходнае для камфортнага адпачынку, нават ручнікі, тэпцікі і халаты; кухні і лядоўні няма, але сняданкі ўваходзяць у кошт пражывання.
У каментарах карыстачы здзіўляюцца: чаму так дорага?
У каментарах карыстачы, мякка кажучы, не падзялілі захапленні аўтараў відэа і мяркуюць, што такі кошт за дзень зусім не апраўданы:
«Ну, я ўвогуле не разумею: за што такія грошы? Ні лазні, ні саўны, ні басейна! Сядзі глядзі на маркотнае возера і чакай сонца за 800 руб»; «Хлопцы, вы там зусім, ці што? За 800 рублёў на дзень я ў трохзоркавым гатэлі на Мальдывах адпачну»; «800 руб - гэта павінна быць усё ўключана: і сняданак, і абед, і вячэра, плюс спа і забавы. А так 300 руб - гэта столь»; «Прабачце, але Мальдывы за 50 тысяч рублёў на 10 дзён гучаць нібыта лепш».
На Канарах беларусам адпачыць танней
CityDog палічыў, колькі могуць каштаваць суткі на Канарскіх выспах у параўнанні з арэндай дома побач з возерам. Для чысціні эксперыменту журналісты знайшлі як бюджэтны варыянт, так і даражэйшы - ад беларускіх турфірмаў. То бок, гэта нават не наўпроставыя пералёты, а з тысячай перасадак.
Такім чынам, турагенцтва «Авіябалтык» прапануе за дзень адпачынку на Канарах у двухмесным нумары на аднаго чалавека ўсяго 421 рубель. У гэты кошт уваходзяць сняданкі і вячэры. Кошт поўнага тура за 7 начэй - 2950 рублёў.
У турагенцтва Ecotravel ёсць варыянт яшчэ больш бюджэтны: 193 рублі за адну ноч на аднаго чалавека ў двухмесным нумары. Кошт поўнага тура за 11 начэй - 2130 рублёў.