У новым следчым ізалятары ў Калядзічах — праблемы з перадачамі
4- 12.11.2024, 11:31
- 4,008
Супрацоўнікі не даюць рады.
Сваякі падследных у новым следчым ізалятары, куды зняволеных перавялі з Валадаркі, вымушаны прыязджаць туды а 4-5 раніцы, каб паспець аддаць перадачу. Чарга можа заняць паўдня. "Медыязона" знайшла некалькіх сваякоў зняволеных і даведалася, што адбываецца з адпраўкай перадач.
Супрацоўнікі не даюць рады
Улетку гэтага года ўсіх падследных з ізалятара на Валадарскага ў Менску перавялі ў новы будынак следчага ізалятара - у Калядзічах, а дакладней у вёску Пашковічы каля Калядзічаў, за 14 кіламетраў ад Менска. Як піша тэлеграм-канал Mayday.team, сітуацыя з перадачамі абвастраецца таксама праз распачаты рамонт у турме №8 у Жодзіне. Падследных, якія ўтрымліваюцца там, пераводзяць у следчы ізалятар у Калядзічах.
Мінімум двое зняволеных, якія паспелі там пабываць, чулі, што частка супрацоўнікаў звольнілася пасля пераезду следчага ізалятара. Сваячка аднаго з падследных распавяла "Медыязоне", што ў ізалятары працуюць звычайна не ўсе акенцы для прыёму перадач, а толькі два-тры.
У пачатку месяца і перад святамі, каб раніцай быць на месцы і заняць чаргу, тым, хто не з Менска, трэба выязджаць уначы.
«Я прыехала а 4.55 і была 50-я ў чарзе. У суботу я нават не ведаю, што там будзе», - распавядае жанчына, якая перадавала перадачу ў будны дзень.
Суботамі горш за ўсё
У суботу ў ізалятар прыязджаюць тыя, хто праз працу ці доўгую дарогу не можа прыехаць у буднія дні.
“Я збіраюся ехаць у суботу і мне сказалі, што чаргу трэба займаць з пятніцы. Мінулы раз мы выехалі а трэцяй ночы, там былі а пятай, і былі ўжо трыццатыя”, - кажа сваячка зняволенага.
Яшчэ адна жанчына паведаміла, што, прыехаўшы ў суботу да сямі раніцы, апынулася ў чарзе амаль 150-й.
Чакаюць у аўто і на дварэ, бяруць з сабой раскладныя крэслы
Адкрыццё ізалятара сваякі, якія прыехалі, чакаюць на дварэ ці ў аўто. І летам, і зараз. Памяшканне для прыёму перадач адчыняецца а 8 раніцы - з гэтага часу можна чакаць усярэдзіне. Там ёсць крэслы і канапы, але многія прыязджаюць з уўласнымі складанымі крэселкамі, бо месцаў на ўсіх не стае.
Адна са сваячак распавяла "Медыязоне", што такі "ажыятаж" ствараюць тыя, хто прыязджаюць сем'ямі, каб адправіць перадачу.
“Не адзін чалавек на перадачу, а натоўпам - вось і выходзіць, што месца ў памяшканні мала. Самі ствараюць чэргі і скардзяцца потым. Нешта можна адправіць поштай. І ніхто там, дарэчы, не галадае, іх жа кормяць. Можна грошы на рахунак пакласці, каб чалавек там мог, што яму трэба ў атаварцы купіць”.
Іншагароднія едуць па некалькі гадзін у адзін бок
Сваячка аднаго з падследных з Магілёўскай вобласці расказала, што дарога ў адзін бок займае ў яе больш за тры гадзіны, таму перадачы яна возіць толькі адзін-два разы на месяц.
"Хацелася б часцей, але не атрымліваецца зусім", – кажа яна.
Жанчына з Берасця пісала ў чаце, што не можа прывозіць прадукты часцей, чым два разы на месяц, бо "дарога займае час і абыходзіцца нятанна".
Дапамагае пошта - без свежых прадуктаў, але і без чэргаў
Каб пазбегнуць чэргаў, нехта са сваякоў адпраўляе прадукты і рэчы поштай. Але садавіна ці гародніна, якіх няма ў рацыёне зняволеных, такім чынам перадаць нельга, бо яны належаць да прадуктаў, якія хутка псуюцца.
“Я пра ўсё даведаюся праз адваката, яна кажа, што чэргі вельмі вялікія, і лепш праз пошту. Мяркуючы з таго, што пішуць у чаце, чэргі дагэтуль вялікія. Лісты даходзяць, пасылкі таксама, таму мы даем рады так”, - распавяла “Медыязоне” сваячка зняволенага.