12 снежня 2024, Чацвер, 7:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямеччына забараніла прымаць расейскі ЗПГ у сваіх партах

Нямеччына забараніла прымаць расейскі ЗПГ у сваіх партах

Расейскі экспарт можа сур'ёзна пацярпець.

Урад Нямеччыны забараніў дзяржаўным ЗПГ-тэрміналам атрымліваць газ з Расеі, бо гэта супярэчыць інтарэсам краіны і яе імкненню поўнасцю пазбавіцца залежнасці ад Расеі ў энергетычнай сферы. Расейскі экспарт ЗПГ у цэлым можа пацярпець у выніку гандлёвых дамоўленасцяў паміж Еўразвязам і новай прэзідэнцкай адміністрацыяй ЗША.

Кампанія Deutsche Energy Terminal праінфармавала ўрад, што яе тэрмінал у горадзе Брунсбютэль рыхтуецца ў нядзелю прыняць груз з Расеі. У адказ міністэрства эканомікі дало ўказанне "не прымаць ніякіх паставак расейскага ЗПГ… і адмаўляць у іх прыёме надалей да асаблівага апавяшчэння", гаворыцца ў лісце, з якім азнаёмілася Financial Times.

Забарона прынятая з мэтай абараніць “грамадскія інтарэсы”, гаворыцца ў дакуменце. Калі дазволіць атрыманне ЗПГ з Расеі, гэта будзе супярэчыць самой ідэі будаўніцтва імпартных тэрміналаў, якая палягае ў тым, каб зрабіць Нямеччыну і ЕЗ "незалежнымі ад расейскага газу", заявіла міністэрства эканомікі.

Пазбавіўшыся расейскага трубаправоднага газу ў 2022 г., Нямеччына хутка пабудавала некалькі імпартных ЗПГ-тэрміналаў. Дагэтуль яны не прымалі расейскае паліва, хоць у нямецкай кампаніі Sefe ёсць доўгатэрміновы кантракт на яго закуп у “Ямал ЗПГ”. Але, са звестак Kpler, яна накіроўвае амаль усе аб'ёмы на тэрмінал у Францыі, якая пасля рэгазіфікацыі транспартуе газ па трубаправодах у іншыя еўрапейскія краіны. Нямеччына стала атрымліваць трубаправодны газ з Францыі ў кастрычніку 2022 г.

Францыя, Гішпанія і Бэльгія - асноўныя атрымальнікі расейскага ЗПГ. Імпартуюць яго кампаніі, якія працуюць з доўгатэрміновымі кантрактамі і могуць спыніць іх выкананне толькі ў выпадку агульнаеўрапейскай забароны. Пакуль увесці такую забарону заклікала толькі Бэльгія. Але ЗПГ можа стаць разменнай картай на гандлёвых перамовах паміж ЕЗ і адміністрацыяй новага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, якія маюць намер прасоўваць міжнародныя інтарэсы амерыканскіх энэргетыкаў. Старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен ужо заявіла ў мінулую пятніцу:

“Мы ўсё яшчэ атрымліваем шмат ЗПГ з Расеі, чаму б не замяніць яго амерыканскім, які для нас таннейшы і зніжае нашыя кошты энергарэсурсаў? Мы цалкам можам абмеркаваць гэтае пытанне”.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках