23 лiстапада 2024, Субота, 16:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр расейскі прапагандыст Скот Бенет

7
Памёр расейскі прапагандыст Скот Бенет

Сіманьян мяркуе, што яго маглі забіць.

Адстаўны афіцэр Узброеных сілаў ЗША Скот Бенет памёр ва ўзросце 46 гадоў. Пра гэта паведаміла галоўная рэдактарка тэлеканала RT Маргарыта Сіманьян.

Яна напісала, што Бенет быў аўтарам дакументальных фільмаў RT, а таксама «адным з найлепшых ваенных экспертаў».

Ён рэгулярна з'яўляўся ў эфіры RT і «Спадарожніка». Паводле словаў Сіманьян, Бенет ездзіў на Данбас, «паказваў, што там адбываецца», піша lenta.ru

Бенета маглі забіць «за тое, што ён апавядаў праўду пра канфлікт ва Украіне», мяркуе Сіманьян.

«Пасля таго як Скот скіраваў у Кангрэс свой даклад пра злачынствы Кіева ў Белгародскай вобласці, ён напісаў сябрам, што не схільны да самагубства, калі і з ім нешта здарыцца», – сказала яна.

Сіманьян дадала, што экс-афіцэр ніколі не скардзіўся на якія-небудзь хваробы і два тыдні таму знаходзіўся ў выдатнай форме. «І раптам ні з таго, ні з сяго ён памірае ад раку, якога ў яго ніколі не было, паводле сведчанняў ягоных шматлікіх розных сяброў», – дадала яна.

У сакавіку 2024 года Бенет папрасіў Уладзіміра Пуціна даць яму грамадзянства РФ. Сваё жаданне ён растлумачыў тым, што хацеў бы выкарыстоўваць свае навыкі ў дыпламатыі і вопыт у выведцы на карысць Расеі.

Адстаўны афіцэр УС ЗША у гады службы спецыялізаваўся на інфармацыйна-псіхалагічнай працы. Бенет прыехаў на Данбас у 2023 годзе, пра што быў зняты фільм «Я хачу, каб Амерыка гэта бачыла. Пакаянне натаўскага афіцэра».

Бенет таксама праводзіў «інтэрв'ю» з палоннымі азоўцамі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках