Інфляцыя ў Беларусі можа выйсці за двухзначныя паказнікі
1- 3,412
Кошты растуць шырокім фронтам.
Нягледзячы на ўсе намаганні Цэнтрабанка, інфляцыя ў Расеі нават не робіць выгляд, што яна збіраецца прытармазіць. Перанос расейскай інфляцыі ў Беларусь стрымлівае кантроль коштаў і аслабленне расейскага рубля. Але доўга трымацца не ўдасца. Калі высокая інфляцыя ў Расеі захаваецца, то коштам у Беларусі давядзецца адпавядаць, піша выданне «Белорусы и рынок».
Як паведаміў Расстат, інфляцыя ў Расеі ў лістападзе пайшла ўгару пасля таго, як два месяцы яна заставалася даволі стабільнай. За тры тыдні кошты ў гадавым выразе выраслі да 8,68%. Скачок коштаў за тыдзень з 12 да 18 лістапада ўвайшоў у топ-тры за апошнія два гады.
Прычым кошты растуць шырокім фронтам. З 100 тавараў, якія Расстат улічвае ў кошыку пры вызначэнні інфляцыі, падаражэлі 80. Расейскія эксперты чакаюць, што інфляцыя за лістапад складзе 1,4%, і гэта будзе рэкордным месячным прыростам з вясны 2022 года.
Беларуская інфляцыя на гэтым фоне выглядае сціпла. Вядома, не так сціпла, як у астатніх беларускіх суседзяў. Але значна больш прыстойна, чым інфляцыя ў Расеі. За дзесяць месяцаў прырост коштаў у Беларусі склаў 5,9%.
Аднак нават гэтае сціплае дасягненне – вынік жорсткага коштавага кантролю. Паводле ацэнкі даследчага цэнтра BEROC, без коштавага кантролю інфляцыя ў Беларусі паводле вынікаў трох кварталаў магла б скласці 10,5 адсотка.
«У асяроддзі перагрэву эканомікі і рынку працы інфляцыйны ціск нарастаў, а яго трансфармацыя ў кошты стрымлівалася татальным коштавым кантролем», – гаворыцца ў аглядзе BEROC.
Але чым даўжэй расейская інфляцыя абганяе беларускую, тым цяжэй у Беларусі кантраляваць кошты. Па-першае, праз расейскую інфляцыю даражэе імпарт з Расеі. Прычым цяпер размова ідзе ўжо не толькі пра расейскія тавары. Пасля пачатку дзеяння санкцый на еўрапейскі імпарт у Беларусь еўрапейскія тавары трапляюць на беларускі рынак таксама ў асноўным з Расеі.
«Пакуль у трэцім квартале коштавы ціск з боку Расеі шмат у чым збіваўся ўмацаваннем беларускага рубля да расейскага. Але праблема ў тым, што ўмацоўвацца бясконца будзе складана, таму што коштавая канкурэнтаздольнасць будзе тады пагаршацца ў беларускіх вытворцаў», – сказаў «Беларусам і рынку» эксперт BEROC Анатоль Харытончык.
Паводле ягоных словаў, цяпер курс беларускага рубля да расейскага знаходзіцца паблізу раўнаважкага ўзроўню, але «сыход ніжэй за 3,40 беларускіх рублёў за 100 расейскіх з'яўляецца ўжо памежным».
Паводле вынікаў біржавога гандлю ў чацвер курс расейскага рубля на беларускай біржы апусціўся да 3,3927. Пры даволі доўгай высокай інфляцыі ў Расеі давядзецца або больш жорстка кантраляваць кошты, або змірыцца з падзеннем канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў праз умацаванне беларускага рубля да расейскага.
Іншай крыніцай непрыемнасцяў можа стаць коштавы дыспарытэт. Калі кошты тавараў у Беларусі будуць значна ніжэйшыя, чым кошты ў Расеі. У гэтым выпадку беларускі рынак можа сутыкнуцца з дэфіцытам. Асабліва беручы да ўвагі, што, як паказала нядаўняя гісторыя з падаражэннем масла, скокі коштаў асобных тавараў у Расеі адбываюцца нераўнамерна.
Яшчэ адно непрыемнае наступства высокай інфляцыі ў Расеі з'яўляецца не прамым, а хутчэй ускосным. Паводле апытання Цэнтрабанка, у найбліжэйшыя месяцы павысіць кошты плануе палова расейскіх гандлёвых кампаній. Гэта значыць, інфляцыя будзе захоўвацца на высокім узроўні, а гэта азначае, што расейскі Цэнтрабанк прадоўжыць падвышаць стаўку. Расейская эканоміка прадоўжыць прытарможваць, а попыт на беларускія тавары ў Расеі будзе зніжацца.
Пакуль у Беларусі дзейнічае коштавае рэгуляванне, гэтыя наступствы расейскай інфляцыі будуць, напэўна, не так моцна кідацца ў вочы. Але з наступнага года ўлады абяцалі пачаць паслабленне коштавага кантролю. І вось тады беларускі рынак можа сутыкнуцца з наступствамі высокай расейскай інфляцыі. Калі рост коштаў у Расеі будзе захоўвацца ў раёне 9 адсоткаў, інфляцыя ў Беларусі можа выйсці за двухзначныя паказнікі.