Чэхія наважыла адмовіцца ад расейскай нафты
1- 23.11.2024, 17:19
- 2,598
Знойдзеная альтэрнатыва.
Чэхія плануе спыніць спажыванне расейскай нафты ў ліпені налета.
Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара дзяржаўнай трубаправоднай кампаніі MERO Здэнэк Дундр, піша Reuters. Цяпер расейскія пастаўкі забяспечваюць палову патрэбаў Чэхіі ў нафце.
"Калі ў першым квартале мы зможам пацвердзіць, што ўсё гатова, то пачнецца паступовае лагістычнае пераключэнне паставак", – сказаў Дундр у інтэрв'ю агенцтву.
З ягоных слоў, гэта адбудзецца, як толькі MERO завершыць мадэрнізацыю Трансальпійскага нафтаправода, які злучае Італію з Нямеччынай і Чэхіяй. Інвестыцыя падвоіць прапускную здольнасць да 8 млн тон у год.
Альтэрнатывай расейскай нафты, са слоў Дундра, будзе сыравіна з Лацінскай Амерыкі, Савудаўскай Арабіі і Паўночнага мора.
Але нават пасля поўнай адмовы ад расейскіх паставак трубаправод «Дружба», па якім нафта з РФ ідзе ў Заходнюю Еўропу, будзе рэзервовым каналам і ўвесь час запоўненым, дадаў ён.
У будучыні трубаправод можа быць выкарыстаны для транспарціроўкі нафты з Украіны, Казахстана або для перапампоўкі з харвацкага трубаправода «Янаф», дадаў Дундр.
Са слоў Дундра, трубаправод тэарэтычна можна было б адаптаваць для зваротных патокаў з захаду на ўсход для пастаўкі ў Славакію, хаця гэта пакуль застаецца гіпатэтычным варыянтам.