Даходы ад беларускага калію абрынуліся: апублікаваная сакрэтная статыстыка
2- 29.11.2024, 9:57
- 8,034
Санкцыі дзейнічаюць.
Пасля засакрэчвання статыстыкі пра экспарт калійных угнаенняў Белстат не перастаў яе збіраць, проста спыніў публікацыю ў агульным доступе. "Наша Ніва" займела такую статыстыку за тры папярэднія гады.
У атрыманай «Нашай Нівай" статыстыцы тры паказчыкі: аб'ём экспарту, яго агульны кошт і сярэдняя цана за тону.
З дапамогай гэтай статыстыкі і звестак за мінулыя гады мы змаглі, пра што далей, даць прыкладную ацэнку рэнтабельнасці экспарту калію пасля ўвядзення санкцый і пачатку вайны.
Спачатку разгледзім закрытыя ад насельніцтва Беларусі звесткі.
Мы бачым тут агульныя трэнды: падзенне экспарту пасля забароны на транзіт праз Літву ў 2022-м, частковае аднаўленне 2023-га пасля таго, як удалося стварыць новую лагістыку праз Расею.
Такім чынам, аб'ёмы экспарту яшчэ не дасягнулі дасанкцыйных, яны ніжэйшыя на 2,7 млн тон, або на 22%.
Сярэдняя цана рэалізацыі амаль роўная цане 2021 года, але калі ўлічыць інфляцыю даляра 12% за 2021-2023 гады, то кан'юнктура неспрыяльная.
І таксама бачым агульны даход.
Неабходна асобна нагадаць, што лічбы агульнага даходу не роўныя лічбам прыбытку.
З даступнай нам статыстыкі немагчыма дакладна ацаніць прыбыткі ад здабычы калію. Без доступу да актуальнай бухгалтэрыі мы можам падлічыць гэта толькі з грубай экстрапаляцыяй лічбаў папярэдніх перыядаў. Гэта магчыма.
Мы ўзялі 2018 і 2019 гады - самыя свежыя з даступных фінансавых звестак Белкалія і Беларускай калійнай кампаніі і параўналі іх са звесткамі аб аб'ёмах экспарту і валютнага даходу за тыя ж гады. Так мы вылічылі прыкладны сабекошт здабычы і транспарту угнаенняў у дасанкцыйныя гады.
Пададзеныя ў табліцы лічбы не з'яўляюцца абсалютна дакладнымі, маюць аб'ектыўныя хібнасці, але прыкладна паказваюць парадак лічбаў.
З падлікаў "Нашай Нівы", сабекошт здабычы адной тоны калійных угнаенняў (маецца на ўвазе ўжо тона ў пераліку на 100% утрыманне карысных рэчываў) Белкаліем — лічба амаль $70 даляраў.
Лічбу $72 за тону ў 2012-м для “Извесий” называла кіраўніца аналітычнага дэпартамента Газпрамбанка Дар'я Снітко.
У гэтую лічбу ўваходзяць толькі выдаткі на тэхналагічныя працэсы здабычы, а таксама зарплаты рабочых, яна не фінальная. Да яе трэба дадаваць цану фрахта і адміністрацыйных выдаткаў.
З улікам усяго сабекошт тоны ў 2018-2019 круцілася вакол $200 і вышэй.
Аналітыкі галіны для тых жа “Ведомостей” у 2019-м называлі лічбу $252 як “практычна роўную сабекошту буйных кампаній”, сярод якіх, безумоўна, і Белкалій.
З гэтых разлікаў бачная сумная асаблівасць экспарту краіны - велізарная дзель транспартных выдаткаў у сабекошце.
Экспарт праз Клайпеду быў самым выгадным, лагістычнае плячо пры ім было найкарацейшым. Але і пры ім выдаткі на дастаўку даходзілі да 40% сабекошту, так як рынкі асноўных спажыўцоў вельмі далёкія.
Хтосьці з чытачоў можа здзівіцца рэнтабельнасці 2018-2019 года і спытаць, як жа тады ўдавалася столькі зарабляць, калі індыкатыўная цана ў гэтыя гады была $260-280 за тону?
Тлумачэнне ёсць. Індыкатыўныя цэны за тону пазначаюць толькі цану за тону на складзе вытворцы. Каб гэтая тона стала тваёй, кліент у рэальнасці плаціць у разы больш. Кантракты ўкладаюцца паводле формуле Cost and Freight (CFR) — кошт плюс дастаўка.
Вось і Беларуская калійная кампанія, для ілюстрацыі, у 2023-м публічна абуралася дэмпінгам канадскай Canpotex, якая знізіла кошт з $590 даляраў да $307 паводле формулы CFR (кошт + дастаўка).
Калі кліент гатовы плаціць $590 (гэта лічба для прыкладу, у 2022-м некаторыя плацілі і па $800, і па $1000), то дэльта паміж сабекоштам і гатоўнасцю кліента плаціць — твой прыбытак. Памяншаеш сабекошт, на чымсьці эканоміш - зарабляеш больш.
І тут можна падкрэсліць першую галоўную выснову з апублікаванай намі статыстыкі: падсанкцыйны беларускі калій цяпер прадаецца з вялізным дысконтам да актуальных рынкавых коштаў.
Другая галоўная выснова: з улікам дысконту і росту выдаткаў на транспарт цана рэалізацыі на $252,16 за тону ўжо блізкая да сабекошту мінулых перыядаў.
У выніку санкцый "Беларуськалій" перастаў быць той суперрэнтабельнай арганізацыяй, якой ён быў да 2021 года.
Мы нават не можам з упэўненасцю сказаць, працуе ён наогул пасля пачатку вайны з прыбыткам або ў страту, таму што выдаткі на лагістыку ў сабекошце павінны вырасці, пацягнуўшы ўверх і сам сабекошт.
Што праўда, у «Белкалія» заставалася магчымасць кампенсаваць рост выдаткаў на лагістыку скарачэннем адміністрацыйных выдаткаў, якіх таксама агулам назапашвалася пад 30% ад сабекошту.
Мяркуючы з ускосных звестак, такім як скарачэнне сярэдніх заробкаў у Салігорскім раёне, можна меркаваць, што шляхам аптымізацыі выдаткаў кіраўніцтва "Белкалія" і дзейнічала.
Беларускі мэнэджмэнт, сакратары і рабочыя, але і сям'я Аляксандра Лукашэнкі сталі зарабляць менш, а расейскія пасярэднікі, спекулянты і спажыўцы на далёкіх рынках сталі зарабляць больш.
Аляксандр Лукашэнка скардзіўся на “вельмі нізкія цэны на калійныя ўгнаенні”, з-за чаго іх даводзіцца прадаваць “за нішто, амаль сабекоштам, а то і ніжэй часам".
Нашы разлікі гэтыя нараканні пацвярджаюць.
Можна зрабіць выснову, што Беларусь вельмі зацікаўленая ў зняцці санкцый з “Беларуськалія”, гэта рэальна пытанне на 1,5—2 мільярды даляраў штогод.
Іншым варыянтам можа быць картэльная змова з “Уралкаліем", каб разам зменшыць здабычу і штучна падняць кошты.
Але расейскі бок не асабліва зацікаўлены ў такім падыходзе, таму што ў расейцаў, якія здабываюць сыравіну ў Прыўраллі, няма праблем з лагістыкай. “Уралкалій" мінулы год спрацаваў з рэнтабельнасцю 39,8%, а 2022 год - з 57,4%.
Так што рэальнасць у тым, што пакуль што дэмпінгуюць канадцы, якія знаходзяцца блізка (у водна-транспартным сэнсе) да асноўных спажывецкіх рынках, а расейцы сціснулі зубы і церпяць. І нават калі яны з часам і пагодзяцца рызыкнуць, адмовіцца ад існых прыбыткаў наўзамен на ўяўную будучыню, то ў “Беларускалія” вельмі вузкая дэльта, у межах якой ён можа эксперыментаваць з коштам да пачатку працы ў мінус.
Таму трэці варыянт, пра які таксама разважае Лукашэнка — стварыць заводы ў трэціх юрысдыкцыях, якія будуць прымаць соль сабекоштам, рабіць з яе ўгнаенні і прадаваць без зніжкі, а потым назад дзяліцца прыбыткам з Менскам.
Гэтымі краінамі, відавочна, не могуць быць Індыя, Кітай і Бразілія — асноўныя спажыўцы. Таму што няма логікі ў тым, каб рабіць у сябе танна і прадаваць самому сабе дорага. Гэта павінна быць нейкая іншая юрысдыкцыя, дастаткова нецывілізаваная для таго, каб не звяртаць увагі на амерыканскія і еўрапейскія санкцыі, і досыць надзейная для таго, каб рабіць там справы на мільярды даляраў і верыць, што з табой расплацяцца. Дагэтуль, аднак, такой пракладкі не створана.
Вяртанне даходаў ад экспарту калію застаецца патэнцыйна галоўнай матывацыяй для Аляксандра Лукашэнкі, каб нармалізаваць стасункі з заходнімі суседзямі і Захадам агулам. Абставіны для такога палітычнага рашэння могуць скласціся тады, калі Расея з нейкіх прычынах зменшыць субсідаванне Лукашэнкі да тых аб'ёмаў, пры якіх выпадзенне калійных прыбыткаў стане невыносным для нармальнага напаўнення дзяржаўнага бюджэту.