Нямеччына прапанавала перамясціць сістэмы Patriot у Польшчу
4- 29.11.2024, 19:13
- 2,222
Для абароны ключавога лагістычнага вузла, які забяспечвае дастаўку грузаў ва Украіну.
Нямеччына плануе перадыслакаваць сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot у Польшчу для абароны ключавога лагістычнага вузла, які забяспечвае дастаўку грузаў ва Украіну. Пра гэта 28 лістапада заявіў міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыус у заяве, апублікаванай на сайце міністэрства абароны краіны.
Прапануецца, што сістэма СПА можа быць размешчаная ў пачатку 2025 года цягам шасці месяцаў.
«Мы забяспечваем пастаўкі транспартных сродкаў, зброі і боепрыпасаў, якія тэрмінова неабходныя Украіне для абароны ад жорсткіх нападаў Расеі, якія парушаюць міжнароднае права», – сказаў Пісторыус.
Варшава падтрымала такую пастанову Берліна, напісаў у сацсетцы X польскі калега Пісторыуса Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
«Я толькі што размаўляў з міністрам абароны Нямеччыны Борысам Пісторыусам і асабіста падзякаваў яму за яго адданасць і падтрымку бяспекі Польшчы і ўсходняга флангу NATO», - напісаў ён.
Як паведаміла Reuters, раней Нямеччына накіравала ў Польшчу 300 вайскоўцаў і тры сістэмы Patriot - са студзеня да лістапада 2023 года. Яны абаранялі горад Замасць, размешчаны прыкладна ў 50 км ад мяжы з Украінай, які, паводле звестак выдання, з'яўляецца важным для чыгуначных злучэнняў з Украінай.