У беларускае войска выпраўляюць падробку пад Starlink, праз якую быў высмеяны Лукашэнка
10- 30.11.2024, 11:25
- 12,924
Выраб абяцаюць да снежня.
Беларускае войска да снежня гэтага года атрымае айчынны мабільны камплект сувязі, які называюць аналагам Starlink. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» паведаміў кіраўнік сувязі Узброеных сілаў краіны Вадзім Раманіў.
– Летась Лукашэнку быў прапанаваны наш мабільны камплект сувязі – так званы аналаг Starlink. Сёлета мы канчаткова дапрацавалі гэты камплект практычна да дасканаласці і палепшылі ягоную якасць і колькасць паслуг. І ўжо сёння мы дэманструем ягоныя магчымасці. І да пачатку новага навучальнага года ён будзе ў войсках, – сказаў Раманіў.
Кіраўнік сувязі запэўніў, што да пачатку новага навучальнага года, які ў войску пачынаецца ў снежні, «беларускі Starlink» будзе ў войсках.
Нагадаем, «аналаг Starlink» Лукашэнку паказалі 6 кастрычніка 2023 года. Вайскоўцы заявілі, што сістэма апроч сувязі дае дыстанцыйны доступ да інтэрнэту.
– Гэта значыць, ты тое, што Маск за мільярды даляраў рабіў, ты сам зрабіў бясплатна? – пацікавіўся Лукашэнка.
Беларускі вайсковы спецыяліст удакладніў:
– Ну, не бясплатна, але за вельмі маленькія грошы.
Беларусы ў каментарах тады высмеялі рэакцыю Лукашэнкі на «аналаг Starlink».