«Прадала кватэру, каб адчыніць кавярню»
22- 30.11.2024, 11:51
- 6,170
Беларуска стварыла ў цэнтры Менска «куточак Афрыкі».
У адной з «кукурузаў» на вуліцы Веры Харужай больш за 15 гадоў працаваў рэстаран In Vino – з белымі абрусамі на сталах і традыцыйнай еўрапейскай кухняй. Цяпер на гэтым месцы абсалютна іншая паводле стылю і настрою ўстанова – кавярня «Афрыкана», піша «Анлайнер».
«Не цалкам аўтэнтычнае месца, хутчэй акуратная рэпліка»
Кавалачак Афрыкі ў цэнтры Менска – так пазіцыянуе сябе новая ўстанова. Інтэр'ер сапраўды нестандартны: сцены атынкаваны пад традыцыйную афрыканскую хаціну, са столі звісаюць галінкі дрэваў, а барная стойка распісаная арнаментам аднаго з народаў Буркіна-Фасо.
Як расказала нам уладальніца ўстановы Вераніка Шэшэль, гэта такая імправізацыя на тэму Афрыкі. Яна не спрабавала зрабіць кавярню цалкам аўтэнтычнай, але сам стыль падаўся ёй цікавым.
– Першапачаткова я думала пра кавярню. Чыста на асацыяцыях зразумела, што кава – гэта прадукт з Афрыкі, і стала прыглядацца да розных культураў на гэтым кантыненце. Чытала кнігі, падпісалася на блогераў, журналістаў. Зразумела, што ў нас шмат стэрэатыпаў, звязаных з Афрыкай. Мне захацелася іх развеяць і зрабіць акуратную «рэпліку», каб, акрамя іншых, і афрыканцы пачуваліся камфортна. У Менску ўжо былі спробы адчыняць такія ўстановы, але больш у стылі сафары са шкурамі жывёлаў. Я ж, наадварот, ад гэтага адыходзіла.
Аглядаемся вакол і зважаем на дэталі. Сцены дэкараваныя маскамі, якія турысты любяць прывозіць з Афрыкі, і жаночымі партрэтамі (Вераніка кажа, што набывала карціны ў расейскіх мастакоў). Мэбля ў асноўным з масіву, сёе-тое засталося ў спадчыну ад In Vino (напрыклад, крэслы проста абцягнулі новай тканінай), нешта давялося набываць. У дэкоры актыўна выкарыстоўвалі арнаменты, якімі самі афрыканцы ўпрыгожваюць жыллё.
Меню, кішэні для сталовых прыбораў, падушкі, фіранкі – усё аформлена ў адзіным стылі. Тэкстылем, дарэчы, займалася цётка Веранікі, якая ўжо на пенсіі і любіць шыць.
– Свяцільні, фіранкі, падушкі – усё гэта зроблена з афрыканскай тканіны (бавоўна, пакрыты воскам). Яна даволі шчыльная, добра трымае форму. Усё шыла мая цётка, у тым ліку форму для супрацоўнікаў і засні для свечак. А прадметы дэкору я замаўляла на розных маркетплэйсах.
Ля ўваходу ў кавярню зважаем на падстолле ад зінгераўскай швачнай машынкі і паліцу, дзе раскладзеныя хэндмэйд-упрыгажэнні. Усе гэтыя бранзалеты, завушніцы, калье і шоперы пры жаданні можна набыць – Вераніка кажа, што бярэ рэчы ў нашых рамеснікаў на рэалізацыю. І ў будучыні яна плануе актыўна развіваць гэты кірунак.
«Прадала кватэру, каб адчыніць установу»
На рамонт спатрэбілася блізу двух месяцаў, а агульныя ўкладанні Вераніка ацэньвае на $50 тыс. Суразмоўніца кажа, што для новай установы ў сферы грамадскага харчавання гэта даволі невялікая сума. Ёй пашанцавала, што частка абсталявання для кухні засталася ад папярэдніх уладальнікаў.
– Я ўжо год прыглядалася да розных памяшканняў для сваёй установы. І вось мы з дачкой ішлі на Камароўку, убачылі, што In Vino больш не працуе, і я зразумела, што хутка памяшканне выставяць на арэнду. Мне хацелася мець магчымасць падзяляць плыні людзей, і тут гэта магчыма. У нас адна зона – гэта кавярня, побач працуе за стойкай барыста. Другая частка – бар з актыўнай пасадкай, дзе бармэн і гатуе кактэйлі, і мае зносіны з гасцямі. І трэцяя частка – гэта столікі для абедаў і вячэраў.
Тэрмін акупнасці Вераніка ацэньвае на паўтара года. Стаўкі высокія, бо для таго, каб адчыніць установу, уладальніца прадала кватэру.
– Гэта была мая мара з тых часоў, калі нарадзілася дачка (а ёй ужо 19 гадоў). Нядаўна мы прадалі кватэру ў Зялёным Лузе і цяпер здымаем жыллё тут недалёка. Увогуле я шмат гадоў працую ў грамадскім харчаванні – пачынала як афіцыянтка, бармэнка і адміністратарка, а апошнім месцам маёй працы была сетка кавярняў, дзе я стала намесніцай дырэктара. За 20 гадоў атрымала вялізны досвед, які цяпер магу выкарыстоўваць. У нейкі момант я зразумела, што ўперлася ў столь, і захацела выйсці з найму, пастанавіла рызыкнуць, тым больш што дачка ўжо падрасла і стала самастойнай. Пры гэтым я нікому не рэкамендую так рабіць: усё ж рызыкі страты грошай каласальныя, калі сам уласнік не разбіраецца ў працэсах.
Што ў меню? Арахісавы суп і сырнікі з міндальнымі пялёсткамі
Кухня ў «Афрыкане» пакуль працуе ў тэставым рэжыме. Ва ўстанове зазначаюць, што не спрабавалі зрабіць цалкам традыцыйнае афрыканскае меню, бо ў Беларусі цяжка знайсці ўсе патрэбныя прадукты. Але некаторыя фішкі ўсё ж прысутнічаюць.
Напрыклад, можна замовіць агароднінныя супы паводле арыгінальных рэцэптаў – маркоўны і арахісавы. З незвычайных страваў прапануюць бабоці – гэта такая афрыканская мясная запяканка, якую можна есці і ў халодным выглядзе як закуску, і як асноўную гарачую страву.
– І поліўка да яе ідзе аўтэнтычна афрыканская, даволі вострая. Арахісавы суп у нас таксама гатуецца на аснове арахісавай поліўкі. Увогуле, у Афрыцы яна даволі папулярная, шмат куды ідзе. Дадаем у стравы какос, міндальныя пялёсткі. Плануем укараняць браай. Гэта папулярная ў паўднёвай Афрыцы страва – мяса, прыгатаванае на адкрытым агні. Мы будзем гатаваць яго на грылі і міксаваць з гароднінай. Яшчэ ў нас ёсць чакчук (яйкі, запечаныя з гароднінай. – Заўв. Onlíner). У Менску гэтая страва больш вядомая як шакшука, але мы назвалі на алжырскі манер, таму што яна родам з Паўночнай Афрыкі.
Абедзеннае меню даволі стандартнае для большасці ўстановаў: запечанае мяса ці рыба, салаты, бульба. Бізнэс-ланч тут абыдзецца рублёў на 15–20. Порцыя сырнікаў з асноўнага меню каштуе 12 рулёў, супы – 8–10, мясная запяканка бабоці – 20, сэндвічы і бургеры – 16–18.
Увесну ўстанова плануе адчыніць для гасцей веранду, якая будзе аформленая ў арабскай стылістыцы (Паўночная Афрыка). Гэта будзе лаўндж-зона з канапамі і жывой расліннасцю. Вераніка кажа, што на веранду ў яе вялікія планы: там будуць праходзіць розныя мерапрыемствы і майстар-класы, прысвечаныя мастацтву. Увогуле, мэтавая аўдыторыя ўстановы – гэта жанчыны 25–35 гадоў, якім цікавыя творчасць, турызм, культура і традыцыі розных краінаў.
У будні ўстанова працуе з 9-й да 22-й, у пятніцы і суботы – да 23-й.