«Як гэта працуе?»: Расейка пажалілася на таннейшыя Lada ў Беларусі
18- 30.11.2024, 17:57
- 23,292
Беларусы задалі сустрэчнае пытанне.
Расейка апублікавала ў TikTok відэа, дзе абурылася тым, што ў Беларусі прадаюць машыны LADA танней, чым у Расеі, краіне-вытворцы гэтых аўтамабіляў. У каментарах беларусы прывялі аналогію, паведамляе «Тэлеграф».
@lisa.rulit 🍿 Почему Веста в Беларуси дешевле? #обзор #авто #лада #деньги ♬ оригинальный звук - Лиса Рулит
Паводле словаў жанчыны, аўтамабіль Lada Vesta SW у Беларусі прадаюць прыкладна на 1000 даляраў танней.
«Растлумачце мне, як такое адбываецца? У нас у Расеі [аўтамабіляў] Lada Vesta SW няма. Ты едзеш у суседнюю краіну для таго, каб узяць машыну на 126 000 танней [прыкладна 4 тыс. беларускіх рублёў, ці 1000 даляраў], чым адзіны аўтамабіль, які ў мяне была магчымасць урваць у Гермесе [АўтаГЕРМЕС, афіцыйны дылер LADA ў Маскве]», – паскардзілася расейка.
Яна сцвярджае, што ў іншых дылераў «яшчэ даражэй».
На афіцыйным сайце LADA мадэлі Vesta SW каштуюць прыкладна ад 55 тыс. беларускіх рублёў (ад 1655000 расейскіх рублёў ці 15 тыс. даляраў). А на сайце менскага дылера – ад 44500 беларускіх рублёў (прыкладна ад 1351000 рас. руб. або 12 тыс. даляраў).
«Растлумачце мне, як гэта працуе?» – абурылася жанчына.
У каментарах беларусы задалі сустрэчнае пытанне: чаму беларуская прадукцыя ў Расеі таннейшая?
«Гэтак сама, як і беларуская прадукцыя ў Расеі, на траціну таннейшая, чым у Беларусі, жывучы на мяжы, маю магчымасць параўнаць», – напісала адна з карыстальніцаў TikTok пад відэа.
«У Беларусі тое самае. Я МТЗ 80.2 набыў у Расеі на 4 тыс. у.а. лепш», – напісаў іншы чалавек.
«Гэта ж экспарт і імпарт. Як і беларускія тавары ў іншых краінах танней набыць, чым на радзіме. Лядоўня ў Менску каштуе даражэй, чым у Маскве з дастаўкай…» – заявіў трэці.
«У вас хутка разбіраюцца, у нас не спяшаюцца», – выказаў меркаванне чацвёрты.