Супрацоўнік Генштаба Грузіі звольніўся на знак пратэсту
12- 30.11.2024, 12:33
- 5,066
Некалькі журналістаў сышлі з праўладнага тэлеканала.
На знак пратэсту супраць пастановы ўладаў у Тбілісі прыпыніць на 4 гады працэс еўраінтэграцыі са сваёй пасады ў Генштабе грузінскага Мінабароны звольніўся рэферэнт у пытаннях ЗША і Вялікай Брытаніі ў Сілах абароны Грузіі Раці Твалавадзэ. Пра гэта ён сам паведаміў у Facebook у ноч на суботу, 30 лістапада.
«28 лістапада 2024 года ўрад Грузіі свядома адмовіўся ад еўрапейскага шляху, адкрыта заявіўшы, што больш не ідзе за гістарычным імкненнем нашага народа інтэграваць Грузію ў Еўрапейскі Звяз. Гэтай пастановай партыя «Грузінская мара» здрадзіла нашай Канстытуцыі – артыкул 78 нашай Канстытуцыі абвяшчае, што інтэграцыя ў еўраатлантычныя інстытуты з'яўляецца ключавой мэтай нашай знешняй палітыкі», – напісаў Твалавадзэ, заклікаўшы ўсіх суграмадзянаў пратэставаць «супраць гэтай пастановы неканстытуцыйнага і нелегітымнага ўраду».
Раней больш за 40 супрацоўнікаў Мінабароны Грузіі выпусцілі заяву, у якой указалі, што застаюцца вернымі абавязальніцтвам, устаноўленым артыкулам 78 Канстытуцыі, і падкрэслілі важнасць супрацоўніцтва краіны з еўрапейскімі і еўраатлантычнымі структурамі, паведамляе «Нямецкая хваля».
Журналісты сыходзяць з праўладнага тэлеканала Rustavi2
Пратэстуючы супраць дзеянняў уладаў, сярод іншага супраць ужывання паліцыяй сілы пры разгоне дэманстрантаў, з працы на праўрадавым тэлеканале Rustavi2, паводле звестак мясцовых СМІ, звольніліся чатыры журналісты.
МУС Грузіі сцвярджае, што мітынг каля будынка парламента на праспекце Руставелі ў Тбілісі «перавысіў нормы, устаноўленыя законам аб сходах і дэманстрацыях», і што ў выніку дзеянняў дэманстрантаў пацярпелі 10 супрацоўнікаў паліцыі. Установа не ўдакладняе, колькі пратэстоўцаў пацярпелі ад гвалтоўных дзеянняў сілавікоў. Раней СМІ пісалі, што многія маніфестанты, а таксама журналісты, якія асвятлялі пратэсты, пацярпелі ад збіцця з боку паліцыі.
Падчас акцыі пратэсту ў Грузіі затрыманыя больш за 100 дэманстрантаў
Паводле звестак МУС, падчас другой ночы пратэстаў супраць адмовы ад курсу на ўступленне краіны ў Еўразвяз былі затрыманыя 107 чалавек. Паводле міністэрства, затрыманні праводзіліся паводле артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях аб непадпарадкаванні патрабаванням паліцыянтаў і аб дробным хуліганстве. Усяго за два дні пратэстаў, як паведамляецца, былі затрыманыя больш за 150 удзельнікаў акцыяў.
У акцыі ўдзельнічалі дзясяткі тысячаў чалавек. Спачатку асноўная маса пратэстоўцаў скандавала лозунгі ля будынка парламента, перакрыўшы цэнтральны праспект імя Шаты Руставелі, але потым сітуацыя абвастрылася. Мітынгоўцы сталі кідаць у паліцыянтаў петарды і бутэлькі з фарбай, стукаць падручнымі прадметамі ў браму будынка парламента і спрабавалі выламаць бакавую браму.
У адказ паліцыя ўжыла вадамёты і слезацечны газ і адціснула пратэстоўцаў ад будынка парламента. Рэшта на праспекце Руставелі стала ўзводзіць барыкады з лаваў і смеццевых бакаў.
Паводле паведамлення выдання Tabula, некалькі ўдзельнікаў акцыі сарвалі сцяг кіроўнай партыі з офіса «Грузінскай мары», разбілі вокны і ўварваліся ў памяшканне, размешчанае на праспекце Руставелі.
Паводле словаў прэзідэнткі Грузіі Саламэ Зурабішвілі, пратэставыя акцыі, акрамя Тбілісі, адбыліся і ў іншых буйных гарадах Грузіі, сярод іншага ў Батумі і Кутаісі.