Расея нанесла авіяўдары па Алепа ўпершыню з 2016 года
- 30.11.2024, 13:28
- 7,890
Паўстанцы занялі ўжо палову горада і ўзялі пад кантроль важныя дзяржаўныя будынкі.
Расея ўпершыню з 2016 года нанесла авіяўдары па сірыйскім горадзе Алепа. Паўстанцы дайшлі да цэнтра Алепа.
Аб гэтым паведамляюць Reuters.
Паўстанцы ў сераду, 27 лістапада, пачалі наступленне ў кірунку Алепа. Да канца дня ў пятніцу іх сілы ўвайшлі ў розныя раёны горада.
Паводле звестак Reuters, войскі Сірыі загадалі ажыццявіць «бяспечны адвод» з асноўных раёнаў Алепа, куды ўвайшлі паўстанцы «Хаят Тахрыр аш-Шам». Сірыйскія ўлады закрылі аэрапорт Алепа і ўсе дарогі, якія вядуць у горад.
Адзначаецца, што паўстанцы захапілі ўжо палову Алепа. Яны ўзялі пад кантроль важныя дзяржаўныя будынкі, штаб-кватэры паліцыі і дзяржбяспекі. У сетцы публікуюць адпаведныя кадры.
Расейскія і сірыйскія самалёты атакавалі Алепа ў ноч на 30 лістапада. Выданне AFP адзначае, што гэта ўпершыню з 2016 года расейская авіяцыя нанесла ўдары па Алепа. Таксама пад бамбёжку патрапілі гарады і вёскі, якія захапілі паўстанцы напярэдадні.
Паведамляецца, што ў выніку бамбаванняў і наземных атак загінулі 20 членаў звязанай з Аль-Каідай сірыйскай групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам».
Як паведамілі Reuters вайсковыя крыніцы, Расея паабяцала Сірыі дадатковую вайсковую дапамогу, зброя пачне паступаць цягам 72 гадзін.