Стала вядома, за колькі казахстанскі бізнэсовец прадаў БТА Банк Беларусь
1- 30.11.2024, 14:13
- 3,384
Угоду закрылі ў чэрвені 2024 года.
Казахстанскі бізнэсовец, прэзідэнт холдынгу Fincraft Group Кенес Ракішаў прадаў беларускі БТА Банк за 230 млн тэнге (444,8 тысячы даляраў).
Так была ацэненая доля ўдзелу ў 99,93%, паведамляе kapital.kz са спасылкай на справаздачнасць Fincraft Group.
Угоду закрылі ў чэрвені 2024 года, пакупніком беларускага БТА Банк стала ТАА «SNRG Capital Eurasia».
Валодае ТАА «SNRG Capital Eurasia» казахстанскі прадпрымальнік Султан Марэнаў. Гэты актыў уключаны ў групу яго кампаній SNRG Capital Pte Ltd (Сінгапур).
Група, якую ўзначальвае Султан Марэнаў, актыўная на рынках Паўднёва-Усходняй Азіі, Сінгапура, Інданезіі, М'янмы, В'етнама, Філіпін.
Султан Марэнаў, які ўзначальваў ЗАТ «БТА Банк» з 2005 да 2015 года, добра знаёмы з беларускім фінансавым рынкам. У студзені 2024 года ён заняў галоўную пазіцыю ў радзе дырэктараў ЗАТ «БТА Банк».
Султан Марэнаў вядомы і як CEO ў інвестыцыйна-фінансавай групе Hayman Capital Pte Ltd са штаб-кватэрай у Сінгапуры.
Бізнэсовец развівае і некамерцыйныя праекты, прынамсі, ён з'яўляецца сузаснавальнікам і старшынём Казахстанска-Сінгапурскай Дзелавой Рады.