Лукашэнка і Пуцін не перажывуць новы тэрмін Трампа
32- Наталля Радзіна
- 6.11.2024, 16:06
- 37,464
У беларусаў з'явіцца шанец.
Перамога Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША, безумоўна, прывядзе да вялікіх змен не толькі ў гэтай краіне, але і ва ўсім свеце, у тым ліку ў Еўропе. І я б не рабіла ў сувязі з гэтым апакаліптычных прагнозаў. Усё можа змяніцца ў лепшы бок, бо слабасць і нерашучасць адміністрацыі дэмакрата Байдэна і так паставіла свет на мяжу катастрофы. Замежная палітыка ЗША адназначна стане больш дынамічнай і надасць імпульс развіццю Еўрапейскага Звязу, умацаванню яго абараназдольнасці, эфектыўнасці эканомікі і ўзмацненню еўрапейскага геапалітычнага ўплыву.
Што тычыцца абяцанняў Трампа спыніць вайну Расеі супраць Украіны, то, я не думаю, што гэта азначае прызнанне тэрытарыяльных замахаў Пуціна. Палітыка новага прэзідэнта ЗША можа быць жорсткай і эфектыўнай. Зніжэнне цаны нафты да 40 даляраў за барэль, якое абяцаў Трамп, можа нанесці па Расеі зруйнавальны ўдар, які імперыя ўжо не вытрымае і будзе вымушаная спыніць вайну.
Што тычыцца Беларусі, то я не думаю, што дыктатару Лукашэнку варта радавацца перамозе Трампа. Так, развіццё сітуацыі ў нашай краіне шмат у чым будзе залежаць ад сітуацыі ва Украіне і стаўлення Трампа да імперскай Расеі. Але, думаю, ніякага рэальнага замірэння паміж старанамі, якія ваююць, у найбліжэйшы час не будзе. Пуцін не мае намеру спыняцца, ён ваюе сёння не за тэрыторыі. Гэта вайна супраць глабальнага Захаду. І таму Трамп урэшце будзе вымушаны даваць жорсткі адпор дамаганням крамлёўскага карліка.
Нагадаю таксама, што падчас сваёй мінулай кадэнцыі, Трамп не здымаў санкцыі з беларускай дыктатуры, нягледзячы на наяўнасць дыпламатычных кантактаў і візітаў у Менск высокапастаўленых амерыканскіх чыноўнікаў. За апошнія ж гады Лукашэнка ўчыніў столькі злачынстваў супраць чалавечнасці, уключаючы ўдзел у агрэсіі супраць Украіны, што разлічваць на добразычлівасць ЗША яму наўрад ці варта. Лукашэнка, як і Пуцін, могуць не перажыць новы чатырохгадовы тэрмін Трампа, а гэта значыць, у беларусаў з'явіцца шанец дабіцца перамен у сваёй краіне.
Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org