ЕЗ адрэагаваў на смерць беларускага палітвязня
11- 6.11.2024, 18:47
- 7,730
І заклікаў рэжым вызваліць вязняў сумлення.
Смерць чарговага палітвязня ў Беларусі дэманструе "бесчалавечную прыроду" рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, заявіў у сацсетцы Х афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай службы замежных дзеянняў (ЕСЗД) Петэр Стана.
Выказаўшы шкадаванне ў сувязі са смерцю палітвязня Дзмітрыя Шлетгаўэра, Стана нагадаў, што ён стаў сёмым палітвязнем, які памёр у Беларусі.
Прадстаўнік ЕЗ адзначыў таксама, што вязні рэжыму застаюцца ў зняволенні ў жахлівых умовах.
"Яны павінны быць неадкладна вызваленыя", - падкрэсліў ён.
Зміцер Шлетгаўэр, які памёр у магілёўскай ПК-15, як мінімум дзявяты палітвязень, які памёр у беларускіх турмах.
21 траўня 2021 года ў Шклоўскай калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак.
5 студзеня 2022 года ў Магілёве скончыў жыццё самагубствам палітвязень Зміцер Дудойць.
7 траўня 2023 года ў калоніі памёр палітвязень Мікалай Клімовіч.
5 ліпеня 2023 года ў Лідскім РАУС раптоўна памёр 37-гадовы мясцовы паэт, удзельнік фестываляў сучаснага мастацтва Дзмітрый Сарокін.
11 ліпеня 2023 года ў Гарадзенскай турме ад прабадной язвы памёр мастак Алесь Пушкін.
13 студзеня 2024 года ў віцебскай калоніі №3 ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько.
20 лютага 2024 года стала вядома пра смерць у турме актывіста апазіцыі Ігара Ледніка, які меў групу інваліднасці праз праблемы з сэрцам.
10 красавіка 2024 года ў берасцейскім СІЗА памёр абвінавачаны ў абразе Лукашэнкі падпалкоўнік ПДВ Аляксандр Кулініч.