Парламент Чэхіі заклікаў улады Беларусі вызваліць палітвязняў
3- 8.11.2024, 20:31
- 1,768
Таксама ў чэшскім парламенце заявілі, што вынікі чарговых «выбараў» у Беларусі не могуць называцца легітымнымі.
Камітэт міжнародных справаў парламента Чэхіі заклікаў да вызвалення беларускіх палітвязняў і заявіў, што вынікі чарговых «выбараў» у Беларусі не могуць называцца легітымнымі. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай 7 лістапада рэзалюцыі «У падтрымку несправядліва затрыманых палітычных зняволеных аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі ў Рэспубліцы Беларусь».
У рэзалюцыі камітэт міжнародных справаў заклікаў беларускія ўлады да «неадкладнага і безумоўнага вызвалення лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру і Прэміі Вацлава Гавала Алеся Бяляцкага», а таксама іншых палітвязняў. У ёй таксама заклікаецца спыніць палітычныя рэпрэсіі і «пакласці канец пераследу дэмакратычна настроеных спаборнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў выгнанні».
«Правядзенне прэзідэнцкіх "выбараў", прызначаных на 26 студзеня 2025 года ў Рэспубліцы Беларусь, ва ўмовах, калі кандыдаты на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах, якія прайшлі 9 жніўня 2020 года, усё яшчэ несправядліва зняволеныя, з'яўляецца непрымальным, і вынікі гэтых выбараў не могуць называцца легітымнымі», – падкрэслілі ў камітэце.