Беспілотнікі масава атакавалі сем расейскіх рэгіёнаў
- 9.11.2024, 12:17
- 4,176
Сталі вядомыя драбніцы ўдару.
Узброеныя сілы Украіны (УСУ) атакавалі Расею з ужываннем 50 беспілотнікаў уночы 9 лістапада, паведамляе Міністэрства абароны РФ. Пад удар трапілі адразу сем рэгіёнаў, піша The Moscow Times.
Паводле міністэрства, усе дроны былі знішчаныя сродкамі СПА. Над Бранскай вобласцю збілі 28 беспілотнікаў, над Курскай — 12, над Наўгародскай — чатыры, над Смаленскай і Тульскай абласцямі — па два, і па адным дроне над Арлоўскай і Цвярской абласцямі.
Astra адзначае, што ў Тульскай вобласці пад атаку трапіў горад Алексін, дзе, са слоў мясцовых жыхароў, заўважылі прынамсі 11 беспілотнікаў. Губернатар Тульскай вобласці Дзмітрый Міляеў паведаміў, што ў выніку налёту быў пашкоджаны прыватны жылы дом.
Губернатары Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз і Наўгародскай вобласці Андрэй Нікіцін заявілі, што ў іхніх рэгіёнах абышлося без пацярпелых і разбурэнняў. У Курскай вобласці рэжым паветранай трывогі дзейнічаў на працягу ўсёй ночы.
Уночы 8 лістапада ўкраінскія беспілотнікі ўпершыню за 2 месяцы атакавалі расейскі нафтаперапрацоўчы завод. Пад удар трапіў НПЗ "Раснафты" ў Саратаўскай вобласці, магутнасць якога складае 7,2 млн тон нафты на год. У выніку на прадпрыемстве ўзнік пажар. Мінабароны РФ тады паведаміла, што "знішчыла" шэсць дронаў у небе над рэгіёнам.