Лідары ЕЗ прыбылі ў Кіеў у першыя гадзіны на новых пасадах
5- 1.12.2024, 12:04
- 6,126
Раскрытая мэта візіту.
Кіраўнік Еўрапейскай рады Антоніу Кошта і вярхоўная прадстаўніца Еўрапейскага Звязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас прыбылі з візітам у Кіеў у нядзелю, 1 снежня – у свой першы працоўны дзень на новых пасадах, паведамляе «Нямецкая хваля».
Сімвалічны візіт пачаўся праз некалькі гадзінаў пасля ўступлення палітыкаў на пасаду. Яны плануюць сустрэцца ў Кіеве з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і запэўніць яго ў падтрымцы перад абліччам расейскага ўварвання, піша dpa. Таксама, паводле звестак DW, чакаюцца сустрэчы з іншымі чальцамі ўкраінскага ўраду, парламента і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.
It is a privilege to be in Kyiv alongside @eucopresident Costa and Commissioner Kos.
— Kaja Kallas (@kajakallas) December 1, 2024
In my first visit since taking up office, my message is clear: the European Union wants Ukraine to win this war.
We will do whatever it takes for that. pic.twitter.com/swv1ZVAlyL
Антоніу Кошта: Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць Украіну
«Мы прыбылі, каб паслаць выразны сігнал: мы падтрымліваем Украіну і будзем прадаўжаць цалкам падтрымліваць Украіну», – заявіў у пачатку візіту Антонію Кошта.
Кая Калас адзначыла ў размове з dpa, што на фоне нявызначанасці з амерыканскай падтрымкай Кіева пасля вяртання ў Белы дом Дональда Трампа Украіне «вельмі важна, каб Еўропа паказала, што яна на яе баку».
Кая Калас: Гарантыя бяспекі Украіны – уступленне ў NATO
«Вядома, усе хочуць міру і спакою і ніякіх лятучых бомбаў. Але мы мусім падтрымаць Украіну, каб яна мела моцныя пазіцыі. Чым мацнейшая яна на полі бою, тым мацнейшая яна за сталом перамоваў. Я думаю, што гэта вельмі, вельмі важна», – сказала Калас.
Самай надзейнай гарантыяй бяспекі Украіны пасля спынення агню Калас назвала сяброўства ў NATO. «Калі Украіна захоча дзесьці правесці мяжу, пытанне ў тым, як мы можам забяспечыць мір, каб Пуцін не рушыў далей і не ўжыў дадатковых захадаў», – растлумачыла яна. У паездцы ў Кіеў Калас і Кошту суправаджае новая камісарка ў пытаннях пашырэння ЕЗ Марта Кос, якая адказвае ў тым ліку за інтэграцыю Украіны ў ЕЗ.
Новае кіраўніцтва Еўрапейскага Звязу
Кіраўніцтва Еўразвязу было абноўленае пасля агульнаеўрапейскіх выбараў у Еўрапарламент, якія прайшлі летам 2024 года. Кіраўніца Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен (Ursula von der Leyen) была вылучаная на паўторны тэрмін, што стала першым такім выпадкам у гісторыі ЕЗ.
Былая прэм'ер-міністарка Эстоніі Кая Калас заняла пасаду вярхоўнай прадстаўніцы ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі, змяніўшы на ёй Жазэпа Барэля. Новым старшынём Еўрарады замест Шарля Мішэля стаў былы прэм'ер-міністр Партугаліі Антоніу Кошта.