«Ніводная машына ў калгасе тэхагляд не пройдзе сама»
12- 10.12.2024, 14:33
- 11,116
У сацсетцы паказалі страшны сон кіроўцы наяве.
Страшны сон кіроўцы можа выглядаць прыкладна так: ён едзе па трасе за грузавіком, загружаным карняплодамі, адзін карняплод вывальваецца з кузава і прылятае ў лабавое шкло ягонага легкавіка. Такую ж гісторыю можна ўявіць, напрыклад, і з бярвеннямі. На жаль, гэта здараецца і ў жыцці. Адзін з кіроўцаў паказаў у TikTok, як з вялікагруза вывальваецца бурак, адзначае «Зеркало».
Мужчына ехаў па дарозе за грузавіком, кузаў якога быў з горкай загружаны буракамі. Пры гэтым карняплоды не былі закрытыя тэнтам. Мяркуючы з дарожных знакаў, ад месца, дзе здымалася відэа, да Скідзеля заставалася менш за 30 км.
@user6918309080406 #дорога #беларусь#транспортная ♬ оригинальный звук - user6918309080406
- Вы мне хочаце сказаць, што ў звычайнага двухвосевага грузавіка выконваецца норма вагі? Так загружаць - гэта нармальна? Ці паляціць з яго зараз бурак ці не? - пытаецца блогер.
Не паспеў ён вымавіць апошнюю фразу, як з кузава вялікагруза на дарогу ўпала гародніна - проста перад аўтамабілем.
- Бэмсь, вось і паляцела. Закіданая буракамі ўся дарога, а потым мы гаворым пра бяспеку, добрую якасць пакрыцця дарог. А дзе транспартная інспекцыя, вагавая? Мне зараз прыляціць у лабавое шкло, а потым усё развядуць рукамі, высветліцца, што ніхто не вінаваты.
Таксама блогер звярнуў увагу, што ў грузавіка стоп-сігнал працуе толькі з аднаго боку. На гэта ён паіранізаваў, маўляў, ці нармальна гэтая машына прайшла тэхагляд.
У каментарах пад ролікам шмат хто не пагадзіўся з аўтарам відэа. Маўляў, увесь час так ездзілі, што тут такога. Але некаторыя карыстальнікі мяркуюць, што з гэтым пытаннем даўно пара навесці парадак.
Вось некаторыя каментары ад гледачоў:
«Калі імі зоймецца ДАІ і транспартная інспекцыя, дык вам жэрці не будзе чаго. Ні адна машына ў калгасе тэхагляд не пройдзе сама».
«Чытаю каментары тых, хто за такую перавозку грузу. Слухайце, разумнікі, калі вашы сваякі ці вы - камікадзэ, то астатнія людзі адэкватныя і хочуць жыць».
«З часоў існавання цукровых заводаў так вазілі і будуць вазіць. Ёсць паняцце «дыстанцыя транспартнага сродку», не трэба ехаць усутыч да машыны».
«Жыву пад Менскам, па дарогах валяецца шмат [буракоў]. З году ў год карціна жніва не мяняецца. Не бачыў ніводнай машыны з тэнтам, стараюся ад такіх ехаць далей».
«Мне цікава, калі 1 кг цукру будзе каштаваць дзесяць рублёў, дык ныць ніхто не будзе? Усё гэта нараджае кошт тавару. Будуць вазіць як належыць, то заплаціць давядзецца даражэй».
«Гэта Масты, дзетка! На Скідзель дарога ў іх, там кожны сезон. Хлопцы зарабляюць, таму і з перавагай едуць. Раз на год можна добра падзарабіць».
«Колькі памятаю, заўсёды так возяць. Увесь час гэтыя буракі па дарозе валяюцца, затое іншых за ўсякія дробязі караюць».
«Калі іх транспартнікі пачнуць ціснуць, то ўсе калгасы толькі на штрафы будуць працаваць. Так усюды ў СНД возяць, а не толькі ў Беларусі».
«Гэта дзяржаўная замова. Я таксама ездзіў. Больш вагі - большы заробак».