25 студзеня 2025, Субота, 23:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Нарвегіі ўручылі Нобелеўскую прэмію міру

3
У Нарвегіі ўручылі Нобелеўскую прэмію міру

Прэмію ўручылі японскай арганізацыі Nihon Hidankyo.

У Осла ў аўторак, 10 снежня, прайшло ўручэнне Нобелеўскай прэміі міру японскай асацыяцыі тых, хто перажыў амерыканскія атамныя бамбаванні Nihon Hidankyo. Адзін з трох сустаршыняў Nihon Hidankyo, 92-гадовы Тэрумі Танака, які выжыў у Нагасакі, запатрабаваў ад урадаў «ужыць захады для дасягнення» бяз'ядзернага свету, перадало агенцтва AFP.

«Я бясконца засмучаны і абураны тым, што “ядзернае табу” пагражае быць парушаным», – сказаў Танака ў гарадской ратушы Осла. Узнагарода была прысуджаная 11 кастрычніка за намаганні ў дасягненні «свету, свабоднага ад ядзернай зброі».

Nihon Hidankyo, або Японская рада арганізацый ахвяраў атамных бамбаванняў Хірасімы і Нагасакі, са жніўня 1956 года праводзіць кампанію за пашырэнне медыцынскіх паслуг для «хібакуся» (людзей, якія выжылі пасля амерыканскіх ядзерных удараў па двух гэтых японскіх гарадах), а таксама за поўную забарону распрацоўкі і ўжывання ядзернай зброі.

Нарвежскі Нобелеўскі камітэт адзначаў, што асацыяцыя дапамагла ўзначаліць глабальны рух, які «нястомна працуе над павышэннем дасведчанасці аб катастрафічных гуманітарных наступствах ужывання ядзернай зброі».

З часам, указвалася ў заяве, ідэя гэтага руху перарасла ў «магутную міжнародную норму», якая таўруе выкарыстанне ядзернай зброі як маральна непрымальнае: «Гэтая норма стала вядомая як “ядзернае табу”».

У выніку ядзернага ўдару ЗША па Хірасіме 6 жніўня 1945 года загінулі блізу 140 000 чалавек, падчас бамбавання Нагасакі праз тры дні – блізу 70 000. Токіа абвясціў пра сваю капітуляцыю 15 жніўня 1945 года. Асацыяцыя Nihon Hidankyo намінавалася на Нобелеўскую прэмію міру ў 1985 і ў 1994 гадах.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках