Хто з беларусаў можа ўзяць адпачынак у любую пару года?
2- 11.12.2024, 14:00
- 3,280
У Мінпрацы назвалі дзевяць катэгорый.
У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі нагадалі, хто з працаўнікоў мае права ўзяць адпачынак у любую пару года. Згодна з заканадаўствам, такая магчымасць прадугледжаная адразу для 9 катэгорый насельніцтва, піша "Тэлеграф".
Тыя, хто ўваходзіць у спіс, могуць адпачыць, калі захочуць: хоць летам, хоць зімой. Калі працадаўца адмовіць, гэта будзе разглядацца як прамое парушэнне Працоўнага кодэкса Беларусі.
Так, у Міністэрстве працы і сацабароны расказалі, што права на адпачынак у прыярытэтным парадку маюць наступныя катэгорыі беларусаў:
асобы маладзейшыя за 18 гадоў;
маці (мачаха), якая выхоўвае дваіх і больш дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, а таксама маці (мачаха), бацькі (айчым), якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў;
ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў;
работнікі, якія захварэлі і перанеслі прамянёвую хваробу, выкліканую наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама іншых радыяцыйных аварый;
працаўнікі-інваліды, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (калі ўстаноўленая прычынная сувязь калецтва або захворвання);
ліквідатары наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС;
працаўнікі (эвакуяваныя і адселеныя), якія самастойна выехалі з тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання з зон эвакуацыі (адчужэння), а таксама працаўнікі першачарговага адсялення і наступнага адсялення, за выключэннем тых, хто прыбыў у названыя зоны пасля 1 студзеня 1990 года;
донары крыві і яе кампанентаў, якіх узнагародзілі знакам адрознення Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь "Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь", знакам гонару "Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь", а таксама знакамі "Ганаровы донар СССР" і "Ганаровы донар Таварыства Чырвонага Крыжа БССР";
Героі Беларусі, Героі Савецкага Саюза, Героі Сацыялістычнай Працы, поўныя кавалеры ордэнаў Айчыны, Славы і Працоўнай Славы.
Акрамя таго, у міністэрстве падкрэслілі, што права на адпачынак у прыярытэтным парадку маюць і іншыя работнікі, калі гэта прапісана ў заканадаўчым акце, калектыўным або працоўным дагаворы арганізацыі або прадпрыемства.