СМІ: Уладальнік беларускага экс-McDonald’s прадаў свой завод у прыфрантавой зоне
1- 11.12.2024, 19:16
- 7,550
Падрабязнасці.
Вядомы беларускі малочнік Аляксей Саўчук пазбавіўся аднаго са сваіх заводаў у Расеі – «Ровеньскі сырароб» у Белгародскай вобласці. Пра гэта паведамляе Plan B. Нагадаем, сёлета бізнэсмэн стаў уладальнікам кампаніі «КСБ Вікторыі Рэстараны», якая кіруе ўстановамі «МАК.by» – гэта былыя рэстараны McDonald’s.
Ад пасёлка Ровенькі ў Ровенскім раёне Белгарадскай вобласці, дзе ў Аляксея Саўчука быў завод «Ровеньскі сырароб», да Суджы з суседняй Курскай вобласці, куды ў жніўні гэтага года зайшлі ўкраінскія вайскоўцы, – крыху больш за 400 км. Да мяжы з Украінай – Луганскай вобласці – блізу 10 км.
Бізнэсмэн хацеў на Браншчыне і ў Татарстане арганізаваць сучасную малакаперапрацоўчую вытворчасць (як у яго ўжо атрымалася ў беларускіх Горках: яго брэнды – «Малочныя Горкі» і Exponenta). Балазе ёсць свая кампанія ў пастаўках і ўстаноўцы неабходнага абсталявання. І разгалінаваная збытавая сетка, якая продажамі ў той самай Расеі дазваляла кампаніям Саўчука пакідаць за спінай практычна ўсе беларускія дзяржаўныя малаказаводы і холдынгі.
Аднак яго «Ровеньскі сырароб» так і не запрацаваў. У 2022 годзе напрацаваў прыкладна на 100 тыс. даляраў (блізу 340,5 тыс. рублёў паводле курсу Нацбанка Беларусі на 11 снежня) эксперыментальнай прадукцыі і на прыстойную страту. А ў 2023-м увогуле ўстаў, а страта вырасла амаль на 200%.
Як высветліў Plan B., угода ў продажы гэтага актыву Аляксея Саўчука ў Белгарадскай вобласці была закрытая ў канцы лістапада сёлета. Пакупнікамі сталі прадпрымальнікі з іншай суседняй вобласці – Варонежскай.