У Маскве затрымалі бамжа, ён аказаўся экс-банкірам, які выкраў мільярды
15- 11.12.2024, 20:56
- 22,766
Ён быў віцэ-прэзідэнтам «Еўрабанка» і старшынёй рады дырэктараў ПАТ «Соль Русі».
У Маскве пры праверцы дакументаў затрымалі былога віцэ-прэзідэнта «Еўрабанка» і экс-старшыню рады дырэктараў ПАТ «Соль Русі» Вячаслава Чыкаліна, які знаходзіўся ў вышуку паводле справаў аб махлярстве і крадзяжы мільярдаў рублёў. Ён паведаміў паліцыянтам, што з'яўляецца бяздомным удзельнікам вайны з Украінай і вярнуўся ў сталіцу на час адпачынку, паведамляе ТАСС. Асобу затрыманага ўдалося вызначыць з дапамогай сістэмы распазнання твараў.
Супраць Чыкаліна пачата некалькі крымінальных справаў. Увесну 2021 года яго асудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў крадзяжы больш як 21,8 млрд рублёў у банка «Транспартны». Ён разам з шасцю суўдзельнікамі афармляў заведама незваротныя крэдыты з 2013 да 2015 года, вызначыў суд. Экс-банкір завербаваўся на вайну з калоніі. У праваахоўных органах пацвердзілі, што Чыкалін «падпісаў кантракт і з'яўляецца ўдзельнікам спецаперацыі», адзначыўшы, што пасля таго, як з ім папрацуюць следчыя, «найверагодней, ён зноў вернецца» на фронт.
Чыкалін атрымаў вядомасць у сярэдзіне 2000-х гадоў. Тады ён быў віцэ-прэзідэнтам «Еўрабанка», старастам прыходу храма ў імя Перамянення Гасподняга ў сталічным мікрараёне Бяляева, а таксама ўзначальваў ПАТ «Соль Русі» – адну з найбуйнейшых фінансавых пірамідаў у Расеі. Стваральнікі акцыянернага таварыства заяўлялі, што збіраюцца займацца распрацоўкай Белбажскага радовішча каменнай солі ў Ніжагародскай вобласці, і прапаноўвалі расейцам укладваць ашчаджэнні ў акцыі кампаніі дзеля будучых дывідэндаў. Аднак здабыўны завод так і не быў пабудаваны, інвестары засталіся без выплатаў, а суд пастанавіў, што акцыі «Солі Русі» нічога не каштавалі. Сярод ахвяраў ашуканскай схемы пераважалі пенсіянеры.