Да пратэстаў у Тбілісі далучыліся дзяржаўныя службоўцы
12- 12.12.2024, 8:10
- 12,802
Удзельнікі акцыі занялі праезную частку і перакрылі аўтадарогу.
У Тбілісі на акцыю пратэсту супраць адтэрміноўкі ўрадам перамоваў пра ўступленне Грузіі ў ЕЗ, выйшлі супрацоўнікі дзяржаўнага сектару. Сярод іх – настаўнікі і лекары.
Пра гэта паведамляюць Interpressnews.
Увечары 11 снежня на праспекце Руставелі ўдзельнікі акцыі занялі праезную частку і перакрылі аўтадарогу.
Перад гэтым занятыя ў публічным сектары людзі прайшлі шэсцем ад плошчы Рэспублікі да парламента і далучыліся да акцыі. Мітынгоўцы сустрэлі шэсце дзяржслужбоўцаў воплескамі.
Пратэсты ў цэнтры грузінскай сталіцы прадаўжаюцца 14 сутак запар. Гэтая ноч антыўрадавых акцый у Тбілісі праходзіць спакойна.
Новы пік пратэсту чакаецца бліжэй да суботы, 14 снежня, калі ў парламенце запланаваныя выбары новага прэзідэнта.
Напярэдадні вечарам да прысутных зноў звярнуўся былы тэлевядоўца Гоча Ткешэлашвілі. Ён заклікае грамадзянаў да мірнай барацьбы. Паводле ягоных словаў, цяпер, як ніколі, народ павінен стаяць разам дзеля будучыні краіны.
Патрабаванне пратэстоўцаў не мяняецца – прызначыць паўторныя выбары і вызваліць затрыманых падчас акцыі пратэсту грамадзянаў.