У Ізабеліне аднаўляюць сінагогу, пабудаваную ў часы ВКЛ
- 12.12.2024, 10:09
- 4,142
Помнік архітэктуры зноў набывае сваё гістарычнае аблічча.
У Ізабеліне аднаўляюць сінагогу, пабудаваную ў часы Вялікага Княства Літоўскага.
Пасля больш як паўстагоддзя дэградацыі і запусцення помнік архітэктуры зноў набывае сваё гістарычнае аблічча, піша «Наша Ніва».
Пасля правядзення супрацьаварыйных працаў, умацавання трэснутых сценаў скобамі, а таксама закладкі праёмаў будынак у вёсцы Ізабелін Ваўкавыскага раёна накрываюць часовым дахам. Новы дах будзе ярусным, як і дах сінагогі ў пачатку XX стагоддзя.
Ізабелінскі кагал, падначалены Мсцібоўскаму, быў заснаваны ў 1777 годзе. Прыкладна тады сама, у другой палове XVIII стагоддзя, была ўзведзена каменнаяя сінагога.
На стан 1897 года ў Ізабеліне жыло 454 габрэі, у 1921 годзе іх стала ўжо 1709. Сын ізабелінскага рабіна Якава Мейра Краўчынскага, рабін Зээў Голд, быў адным з лідараў сіянісцкай арганізацыі «Мізрахі» ў ЗША, а ў траўні 1948 года падпісаў Дэкларацыю незалежнасці дзяржавы Ізраіль.
У пачатку 1942 года нацысты стварылі ў Ізабеліне гета, якое ліквідавалі ўжо ў лістападзе, расстраляўшы 31 чалавека. Астатніх габрэяў пагналі ў лагер у Ваўкавыску, а адтуль у лагер смерці Аўшвіц.
Пасля вайны будынак быў істотна перабудаваны. Сінагогу выкарыстоўвалі пад розныя сельскагаспадарчыя патрэбы, у тым ліку вяндлярны цэх і бар. У апошнія гады будынак стаяў пустым.
Ізабелінскую сінагогу ў сваю ўласнасць набыў «Маёнтак Падароск», які аднаўляў сядзібу Бохвіцай у размешчаным непадалёк Падароску і фінансаваўся бізнэсмэнам і мецэнатам беларускага паходжання Паўлам Падкарытавым. Існавала ідэя стварэння на базе сінагогі адукацыйнага цэнтра для захавання культурнай спадчыны Ізабеліна.
Праблемы ў турыстычнага прадпрыемства «Падароск» узніклі ў 2022 годзе, калі супраць яго супрацоўнікаў пачалі крымінальны пераслед паводле абвінавачання ў нявыплаце падаткаў і страхавых унёскаў з заробкаў супрацоўнікаў амаль на 400 000 рублёў.
Крымінальная справа ў выніку была спыненая, але сядзібу, якая з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, у Падкарытаве забралі ў дзяржаўную ўласнасць. Ізабелінская сінагога ж ахоўнага статусу не мела.