15 студзеня 2025, Серада, 9:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Лукашэнка перавысіў дозу транквілізатараў

30
Наталля Радзіна: Лукашэнка перавысіў дозу транквілізатараў
Фота: Getty Images

Дыктатара ахапіў страх пасля ўцёкаў ягонага сірыйскага сябра.

Як падзенне рэжыму дыктатара Башара Асада паўплывае на Беларусь? Што агульнага паміж сірыйскімі і беларускімі чыноўнікамі? Якія дакументы падпісалі Пуцін і Лукашэнка ў Менску?

Пра гэта і не толькі галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна расказала ў інтэрв'ю вядомай украінскай тэлевядоўцы Наталлі Улашчанцы. Размова выйшла на YouTube-канале «Фабрыка Навінаў».

На нядаўняй сустрэчы ў Барысаве Лукашэнка раптоўна загаварыў пра расейскую ядзерную зброю ў Беларусі. І стаў пагражаць яе выкарыстаннем. Наталля Радзіна мяркуе, што ў дыктатару гаворыць страх:

– Даўно падазравала, што Лукашэнка сядзіць на транквілізатарах, але гэтым разам ён відавочна перавысіў дозу. Дыктатар расказваў, што на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца сотні ядзерных ракетаў, што ў любы момант ён гатовы імі ўдарыць, што ён будзе сам наводзіць іх на цэлі, таму што дамовіўся з Пуціным, потым яны будуць удвох націскаць на «чырвоную кнопку».

Я размаўляла са спецыялістамі, якія працавалі над праграмай ядзернага раззбраення Беларусі, яны сцвярджаюць, што ў краіне ніякіх ядзерных ракетаў няма. Паводле вельмі простага чынніку – іх няма дзе захоўваць. Сховішчы, якія існавалі ў савецкі час для ракетаў з ядзернымі боегалоўкамі, знішчаныя. Сёння Лукашэнку іх проста няма дзе захоўваць, хіба што ў кароўніках.

Не выключаю, што гэтыя сховішчы могуць будавацца цяпер, але на гэта патрэбны час і вялізныя рэсурсы, якіх у дыктатуры сёння няма. Яны заканчваюцца, а Пуцін не ў стане сёння спансаваць сваю старую ўтрыманку.

Лукашэнка ахоплены страхам, ахоплены жахам, таму што ў Сірыі паў рэжым ягонага сябра Асада. Чалавек траўмаваны. Колькіх сяброў ён ужо страціў? Дыктатар Ірака Садам Хусэйн быў павешаны, Слабадан Мілошавіч, сербскі дыктатар, памёр у турме, Муамар Кадафі ўвогуле быў забіты паўсталым народам Лівіі. А тут яшчэ і сябар Башар Асад змушаны ўцякаць у Маскву.

Лукашэнка ў вялізным стрэсе, баіцца за сваю ўладу. Дыктатар выдатна разумее, што Расея пацярпела поўную паразу ў Сірыі. Ён разумее лепш за нас з вамі, што рэсурсаў у РФ не так ужо шмат, і яны ў яе сканчаюцца, у тым ліку – на вайну, якую яна сёння вядзе з Украінай. І тым больш у яе не так шмат засталося рэсурсаў для дыктатуры Лукашэнкі ў Беларусі.

Дыктатар панічна баіцца ўласнага народа, бо разумее, што беларусы яго ненавідзяць, утрымаць усіх у турмах, усіх перасаджаць ён не ў стане.

Беларуская журналістка звярнула ўвагу на дамовы, падпісаныя паміж Лукашэнкам і Пуціным у Менску. На ейную думку, Крэмль цяпер можа задзейнічаць беларускія войскі для вайны супраць Украіны:

– Пуцін прыязджаў у Менск 6 снежня, і яны падпісалі некалькі ваенных пагадненняў, у тым ліку – і Канцэпцыю бяспекі «саюзнай дзяржавы», дамову аб гарантыях бяспекі. Гэтыя дамовы маюць на ўвазе размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі новага кантынгенту расейскіх войскаў і новых вайсковых базаў. І гэтая дамова аб гарантыях бяспекі вельмі нагадвае Дамову аб стратэгічным супрацоўніцтве, якая была падпісаная з КНДР.

Яна мае на ўвазе верагодны ўдзел беларускага войска ў вайне ва Украіне, калі гэта спатрэбіцца Пуціну. Таму што паўночнакарэйскія войскі тут жа былі задзейнічаныя ў вайне супраць Украіны пасля падпісання адпаведнай дамовы.

Аднак калі паступіць такі загад, ад якога беларускія вайскоўцы не змогуць адмовіцца, і ім давядзецца перасячы мяжу з Украінай, перакананая, што большая частка беларускіх вайскоўцаў будуць сабатаваць указанні камандзіраў, будуць масава здавацца ў палон. Для Лукашэнкі гэта будзе мець катастрафічныя наступствы. Бо Украіна атрымае абсалютнае права наносіць удары ракетамі і беспілотнікамі па вайсковых аб'ектах у Беларусі. І не толькі па вайсковых аб'ектах. Думаю, што і па рэзыдэнцыях самога Лукашэнкі.

Наталля Радзіна расказала пра сумны стан здароўя дыктатара:

– Лукашэнка развальваецца на часткі. Ён важыць блізу 150 кілаграмаў, ледзьве ходзіць, у яго цукровы дыябет, праблемы з суглобамі. Відавочна, што ёсць падагра, праблемы з галавой праз сталую параною, пра што сведчаць гэтыя заявы аб ядзерных ракетах. Думаю, што Лукашэнка сёння не кіруе краінай. Беларуссю кіруе прэм'ер-міністр, кіраўнікі іншых міністэрстваў і ўстановаў, КДБ, але не сам Лукашэнка.

Сёння ён – старая трухлявая калода, якая ахопленая страхам і баіцца страціць уладу. Што яго чакае? Нічога добрага. Дыктатуру Лукашэнкі немінуча чакае канец. Калі я чую размовы, што «Расея моцная, у яе ніколі не скончацца рэсурсы і салдаты», – гэта смешна слухаць. Тое самае думалі пра СССР, але ён упаў умомант. Тое самае адбудзецца і з Расеяй, а тым больш – з дыктатурай Лукашэнкі.

Куды можа ўцячы Лукашэнка? Беларуская журналістка выказала меркаванне, што варыянтаў не так шмат:

– Калі заўтра, то можа паспець у Расею. Але калі і там будзе дрэнна, то нікуды. Будзе як Асад кружляць у пошуках аэрадрома, але ніхто не захоча яго прымаць. Ведаю, што Лукашэнка думаў пра ўцёкі ў 2020 годзе, калі на вуліцы выходзілі сотні тысячаў беларусаў. Тады вяліся перамовы, хто можа яго прыняць. Акрамя Расеі, наколькі я ведаю, ніхто не захацеў. Нават ягоныя кітайскія сябры. А цяпер сітуацыя пагоршылася, у яго няма шляхоў для адыходу. У 2020 годзе скончыліся ягоныя геапалітычныя арэлі, калі ён мог падлашчвацца і з Захадам, і з Расеяй. Сёння Лукашэнка ператварыўся ў Кадырава, які цалкам залежыць ад Пуціна.

Лукашэнка без улады сябе не ўяўляе. Ён настолькі нікчэмны, што без улады не зможа жыць. Сам дыктатар нікуды не сыдзе. Сёння Лукашэнка актыўна ўдзельнічае ў «выбарчай кампаніі». Гэта смешна выглядае, абсалютна калгасна. З цяжкасцю яны арганізуюць нават пастановачныя мерапрыемствы. Абсалютна пустыя вуліцы, людзі не хочуць ставіць подпісы ні за яго, ні за падстаўных кандыдатаў. Упэўненая, што беларусы нават не пойдуць на выбарчыя ўчасткі. Безумоўна, працаўнікоў прадпрыемстваў будуць гнаць на «выбары», але вольныя ад дзяржавы людзі на іх не пойдуць. Перакананая, што ў Лукашэнкі няма пяці гадоў. Ён проста не дасядзіць гэты тэрмін. Падзеі развіваюцца вельмі хутка.

Якую маёмасць хавае Лукашэнка? Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org расказала, што дыктатар вядзе раскошны лад жыцця.

– Лукашэнка даўно мільярдэр. Узровень карупцыі каласальны, а галоўны бенефіцыяр усіх гэтых схемаў – беларускі дыктатар. Грошы, вядома ж, ён захоўвае не ў Беларусі. Пагаворваюць, што яны могуць знаходзіцца ў ААЭ, занадта часта ў гэтую краіну ездзіць ягоны сынок Віктар. Што да ягонай маёмасці ў Беларусі – жыве ён на шырокую нагу. У яго блізу 20 рэзідэнцый, якія размешчаныя ў розных кутках краіны. Усё гэта палацы, на якія выдаткаваныя мільёны еўраў. Вядзе ён шыкоўны лад жыцця. Што тычыцца асабістага жыцця, яно мне мала цікавае, але магу сказаць, што ўсе дыктатары – сапсаваныя, хворыя людзі. Лукашэнка такі самы сапсаваны чалавек.

Наталля Радзіна расказала, што агульнага паміж сірыйскімі і беларускімі чыноўнікамі:

– Ніякай падтрымкі ў рэжыму Лукашэнкі няма. Яго падтрымліваюць 10%, максімум – 20. Гэта адпетыя бандыты з ягоных сілавых структураў, чыноўнікі, якія завязлі ў карупцыі і злачынствах супраць уласнага народа, карумпаваныя бізнэсмэны, а таксама частка абдуранага насельніцтва, якая верыць беларускаму і расейскаму тэлевізару. Але такіх людзей няшмат.

Большая частка наменклатуры маўчыць праз страх. Бо тая самая наменклатура, тыя самыя супрацоўнікі сілавых структураў трапляюць пад рэпрэсіі. Іх размах сёння супастаўны з 1937 годам. І гэта ў маштабах маленькай краіны. Паводле маёй інфармацыі з наменклатурных колаў, усе чакаюць падзення рэжыму ў Расеі. Усе спадзяюцца, што будзе такое «акно магчымасцяў». Магчымы і наменклатурны пераварот, калі Лукашэнка да яго дажыве.

Калі я глядзела кадры ў Сірыі і чытала, як хутка пераабуваліся прапагандысты і гаварылі, што «нам хлусілі, а цяпер мы сталі відушчыя», як чыноўнікі пераходзілі на бок народу, я разумела, што такая самая сітуацыя будзе і ў Беларусі. Як толькі пачне хістацца рэжым у Маскве, пачне трэсці два рэжымы, імкліва будуць развівацца падзеі, чыноўнікі стануць на бок народу.

Мы памятаем, як у 1991 годзе хутка пераабулася камуністычная наменклатура і ўстала пад бел-чырвона-белыя сцягі, нават той самы Лукашэнка. Тое самае будзе і цяпер.

Спецслужбы таксама не будуць абараняць Лукашэнку, яны ўстануць на бок моцнага.

Паглядзіце на кадры з Сірыі, калі сотні тысячаў людзей вяртаюцца ў краіну, гэтыя плыні машынаў. Гэтаксама будзе і ў Беларусі.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках