Байдэн памілаваў рэкордную колькасць асуджаных адным указам
9- 12.12.2024, 19:19
- 5,032
Прэзідэнт ЗША памілаваў 39 чалавек і змякчыў прысуды блізу 1,5 тыс. асуджаных.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн памілаваў 39 чалавек, асуджаных за негвалтоўныя злачынствы, і змякчыў прысуды яшчэ блізу 1,5 тыс. зняволеных, паведамілі ў прэс-службе Белага дому.
«У найбліжэйшыя тыдні я зраблю дадатковыя крокі. Мая адміністрацыя прадоўжыць разглядаць хадайніцтвы аб памілаванні, каб забяспечыць роўнае правасуддзе ў адпаведнасці з законам, спрыяць грамадскай бяспецы, падтрымліваць рэабілітацыю і вяртанне ў грамадства, а таксама даць другія шанцы», – сказаў Байдэн.
Белы дом не апублікаваў імёны памілаваных. Там адзначылі, што цяперашняя пастанова стала найбуйнейшым адначасовым памілаваннем у сучаснай гісторыі.
«Ён [Байдэн] таксама стаў першым прэзідэнтам, які памілаваў асобаў, асуджаных за ўжыванне і захоўванне марыхуаны, а таксама былых вайскоўцаў, асуджаных за прыватную праяву іх нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі», – гаворыцца ў паведамленні Белага дому.
Паўнамоцтвы Байдэна закончацца 20 студзеня пасля інаўгурацыі абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Раней ён абвясціў пра «поўнае і безумоўнае» памілаванне свайго 54-гадовага сына Хантэра Байдэна, які стаў фігурантам адразу некалькіх крымінальных справаў, у тым ліку аб незаконным валоданні зброяй і нявыплаце падаткаў.