У Беларусі хочуць паглыбіць рэкі
60- 12.12.2024, 23:13
- 26,310
Каб па іх хадзілі караблі.
У Беларусі адпрацоўваюць пытанне закупак суднаў для паглыблення дна рэк. Пра гэта расказаў намеснік міністра замежных справаў Беларусі Ігар Назарук пасля пасяджэння Рады кіраўнікоў урадаў СНД у Маскве 12 снежня, паведамляе «Першы інфармацыйны».
«У Беларусі вельмі шмат рэк. Многія з іх суднаходныя на вялікіх адрэзках. Больш за тое, зараз адкрыю вам невялікі сакрэт: прапрацоўваецца пытанне, каб мы набывалі адпаведныя тыпы судоў для днопаглыблення, днопаляпшэння», – адзначыў Назарук.
Ён сцвярджае, што ў Беларусі «ёсць пэўныя кампетэнцыі ў вытворчасці, ну, магчыма, не ўсяго судна, але нейкіх кампанентаў».
«Вы ведаеце, гэта таксама вельмі складаны механізм, для якога трэба і навігацыйнае, і лакацыйнае, і іншае абсталяванне. А рухальная ўстаноўка адна чаго вартая, а вяслярныя шрубы, і гэтак далей. Таму я не кажу, што менавіта гэта мы будзем рабіць, але многія кампаненты мы гатовыя», – расказаў намеснік кіраўніка МЗС.
На пасяджэнні ў Маскве 12 снежня гаварылі пра ўхіленне бар'ераў ва ўзаемным гандлі, і пра «тэхналагічны суверэнітэт». Быў падпісаны дакумент аб супрацоўніцтве ў суднабудаванні.
Нагадаем, напрыклад, раней місія Беларускага марскога параходства паказвала стварэнне на сваёй базе нацыянальнага перавозніка судамі класу «рака – мора», а таксама партовай інфраструктуры ў краіне. У рэкламным роліку прадпрыемства шасцігадовай даўніны расказвалася пра планы будаўніцтва свабоднага порта на Дняпры ў Брагінскім раёне недалёка ад мяжы з Украінай.
У 2023 годзе ў Рэспубліканскім звязе турыстычнай індустрыі заяўлялі пра планы пабудаваць у Беларусі новы круізны лайнер, але скардзіліся, што ўсе зварнікі і зборнікі з'ехалі з краіны і ўвогуле патрэбныя кадры «на пальцах адной рукі пералічыць можна».