Расейцам другі год запар рэкордна падвысяць тарыфы на газ
6- 12.12.2024, 21:23
- 8,750
Беларусам таксама?
Расейскія ўлады другі год запар рэзка павышаюць тарыфы на газ для грамадзянаў і бізнэсу, каб залатаць бюджэт «Газпрама», які пасля страты еўрапейскага рынку атрымаў рэкордную ў сваёй гісторыі чыстую страту.
З 1 ліпеня 2025 года газавыя тарыфы для ўсіх катэгорый спажыўцоў павялічацца на 10,3%, вынікае з пастановы ўраду, апублікаванай на партале прававой інфармацыі.
Маштабы індэксацыі практычна паўтораць 11-гадовы рэкорд гэтага года, калі газ падаражэў на 11,2%. У 2022 годзе тарыфы індэксавалі двойчы: на 3% у ліпені і на 8,5% у снежні. У 2023 годзе індэксацыя для насельніцтва не праводзілася. Такім чынам, назапашаным вынікам пачатку вайны газ для расейцаў стане даражэйшым на 37%.
Ні разу ў апошнія гады кошты газу не раслі настолькі імкліва: у 2021 годзе індэксацыя складала 3%, у 2020 годзе – 3%, у 2019 годзе – 1,4%, у 2018-м – 3,4%, у 2017-м – 3,9%, а ў 2015 і 2016 гг – 7,5% у кожным. Апошняе рэзкае павышэнне газавых тарыфаў – на 15% за год – адбылося ў 2013 годзе.
Яшчэ мацней – на 21,3% – вырасце кошт газу для прадпрыемстваў электраэнэргетыкі і аб'ектаў ЖКГ, вынікае з пастановы ўраду. Дадатковыя грошы патрэбныя на газіфікацыю «новых рэгіёнаў» і іх злучэнне з Адзінай сістэмай газазабеспячэння, тлумачыла раней Мінэканамразвіцця.
Індэксацыя газавых тарыфаў, якая перавысіць першапачатковы план ураду (8,2%), прынясе «Газпраму» блізу 33 млрд рублёў дадатковай выручкі, ацэньваюць аналітыкі БКС.
Грошы востра патрэбныя кампаніі, у якой летась было 629 млрд рублёў чыстай страты паводле міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці (МСФС), закончыўшы год у мінусе ўпершыню з 1999 года. Пастаўкі газу «Газпрама» за мяжу склалі толькі 69 млрд кубаметраў, што стала мінімумам з 1985 года.
У параўнанні з 2022 годам экспарт «Газпрама» скараціўся яшчэ на траціну, а калі параўноўваць з даваеннымі ўзроўнямі – утрая. Прапампоўка газу ў Еўропу ўпала да 28 млрд кубаметраў – узроўню другой паловы 1970-х гадоў. А здабыча «Газпрама» ўпала да 404 млрд кубаметраў і аказалася мінімальнай за 34 гады, што існуе кампанія.