Білеты на аўтобус з Менска ў Вільню прыкметна даражэюць
3- 13.12.2024, 10:49
- 2,900
Святы набліжаюцца - кошты растуць.
Амаль да канца наступнага тыдня білеты на аўтобус Менск-Вільня можна набыць коштам ад 100 рублёў. Але пасля 20 дня ўсе перавозчыкі значна паднімаюць кошты, піша “Наша Ніва”.
Святы набліжаюцца - кошты растуць. З 21 снежня "Экалайнс" прапануе білеты па 230 рублёў (на больш раннія даты ёсць варыянты за 110 рублёў).
Іншы папулярны перавозчык - "Еўралайнс" - замест звыклых 175 рублёў пачынае прасіць ад 200 да 280 рублёў за білет. "Мінсктранс" таксама падвышае кошты са 175 да 200 рублёў.
Рэпутацыю самага таннага перавозчыка працягвае падтрымліваць "Атлас". Але і тут без павышэння не абышлося: калі на даты да 18 снежня мінімальны кошт білета складае 100 рублёў (і да 175 рублёў), то пасля - ад 140 рублёў (і да 200 рублёў).
Пакуль выглядае так, што пасля навагодніх свят (і марафону студзеньскіх выхадных у Беларусі) цэны на білеты з беларускай сталіцы ў літоўскую зноў зменшацца, але не ва ўсіх перавозчыкаў.
Напрыклад, на 13 студзеня "Еўралайнс" зноў прадае білеты па 175 рублёў, у "Мінсктранса" таксама з'яўляюцца прапановы такім коштам. "Экалайнс" пакідае цану на 230 рублёў.
А вось у "Атласа" пакуль наадварот відаць падвышэнне коштаў. Самая позняя дата, на якую ў перавозчыка можна купіць білет - 11 студзеня. І білеты ў Вільню на яе прадаюць па 175-180 рублёў.