Расея вывела памежнікаў з КПП на мяжы Арменіі з Іранам
8- 31.12.2024, 10:39
- 7,722
Расейцы знаходзіліся там больш за 30 гадоў.
Расейскія памежнікі пакінулі памежны кантрольна-прапускны пункт "Агарак" на мяжы Арменіі з Іранам. Расейцы супольна з армянамі знаходзіліся на гэтым КПП больш за 30 гадоў.
Пра гэта паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян 30 снежня абвясціў, што армянскія памежныя войскі пачалі патруляваць КПП "Агарак" без расейскіх сіл.
Як мяркуецца, расейскія памежнікі пакінулі гэты раён у адпаведнасці з пагадненнем ад кастрычніка 2024 года аб тым, што памежнікі Арменіі адновяць кантроль над пунктам пропуску з 1 студзеня 2025 года.
Пашынян таксама дадаў, што расейскія памежнікі працавалі на КПП "Агарак" з 1991 года.
“Вывад расейскіх памежнікаў з КПП “Агарак” адбыўся праз пяць месяцаў пасля таго, як расейскія памежнікі закончылі вывад войскаў з ерэванскага міжнароднага аэрапорта “Звартноц”. Гэта яшчэ раз прадэманстравала прыхільнасць Арменіі да скарачэння двухбаковых дачыненняў з Расеяй у сферы бяспекі”, - адзначылі ў Інстытуце вывучэння вайны.