14 студзеня 2025, aўторак, 16:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Telegraph: Расеі пагражае катастрофа ў Міжземнамор'і

The Telegraph: Расеі пагражае катастрофа ў Міжземнамор'і

Страта Тартуса абрыне ўплыў Крамля ў Паўднёвай Еўропе і Паўночнай Афрыцы.

Сірыйскія паўстанцы на чале з групоўкай «Хаят Тахрыр аш-Шам», скарыстаўшыся слабасцю войскаў сірыйскага дыктатара Башара Асада і адцягненасцю Крамля на вайну супраць Украіны, пачалі 27 лістапада маштабны наступ і ўсяго за некалькі дзён вызвалілі горад Алепа.

Наступным дасягненнем апазіцыянераў можа стаць авалоданне горадам Хама. Калі гэта адбудзецца, паўстанцы пачнуць сціскаць утрыманы сіламі Асада выступ паміж лініяй фронту і ўзбярэжжам Міжземнага мора, які ахоплівае ўсю берагавую лінію Сірыі.

Там знаходзіцца адзіная база РФ у Міжземным моры, размешчаная ў партовым горадзе Тартус. Яе страта стане катастрофай для Крамля, піша аглядальнік The Telegraph Дэвід Акс.

«Расейцы ведаюць, што Тартус у бядзе. 3 снежня камерцыйныя спадарожнікавыя здымкі паказалі, што ўсе буйныя расейскія ваенныя караблі, якія, як вядома, дзейнічалі з Тартуса, - тры ракетныя фрэгаты, дызель - электрычная ўдарная падводная лодка і два лёгкаўзброеныя дапаможныя караблі - адшвартаваліся ад трох вялікіх пірсаў порта і выйшлі ў мора», - адзначае аўтар.

Такім чынам, з-за вайны супраць Украіны РФ можа страціць вялікі ўплыў у Міжземным моры. Масква захоўвала прысутнасць у Тартусе з 1970-х гадоў.

У 2017 годзе Расея падпісала з рэжымам Асада пагадненне аб прадаўжэнні на 49 гадоў знаходжання расейскага флоту ў Тартусе, якое ў дадатак прадугледжвала пашырэнне доступу расейцаў да гэтага порта.

Пасля поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну Турцыя закрыла праліў Басфор для ваенных караблёў, у выніку чаго Тартус стаў адзінай магчымасцю для РФ ажыццяўляць аперацыі ў Міжземным моры.

Расея больш не валодае мноствам вялікіх вайсковых караблёў, якія адрозніваюцца надзейнасцю і трываласцю. Большасць савецкіх судоў выйшлі з ладу, а задушаная санкцыямі суднабудаўнічая галіна РФ не можа зрабіць новыя судны.

У такіх умовах расейскі флот становіцца прыбярэжным, усё больш спадзеючыся на найбліжэйшыя берагавыя базы, каб забяспечваць сябе палівам, харчам і зброяй.

Страта Тартуса абрыне ўплыў Расеі ў Паўднёвай Еўропе і Паўночнай Афрыцы. Кампенсаваць страту Тартуса для Раскі можа толькі аднаўленне доступу да праліва Басфор, але пакуль ідзе вайна ва Украіне, гэтага не адбудзецца.

Неўзабаве расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін можа апынуцца перад выбарам: працягваць вайну супраць Украіны і страціць уплыў у Міжземнамор'і ці шукаць міру з Украінай, каб вярнуць доступ да Басфора.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках