Кадыраў прызнаўся, што хлусіў пра падораны Cybertruck Маскам
- 5.12.2024, 9:37
- 8,716
Кіраўнік Чачэніі папрасіў прабачэння ў мільярдэра з акружэння Трампа.
Мільярдэр і ўладальнік кампаніі Tesla Ілан Маск не дарыў кіраўніку Чачэніі Рамзану Кадыраву аўтамабіль Cybertruck. Са слоў Кадырава, гэта быў жарт.
«Напраўду мне цікавы сам Ілан Маск. Мне падабаецца ягоны характар, манера жыцця, як ён паводзіць сябе, ягоная жыццёвая пазіцыя. Я люблю з яго жартаваць праз сацсеткі. Я гэты жарт прыдумаў», - сказаў Кадыраў падчас жывой лініі.
Паводле ягоных слоў, Cybertruck непрыдатны на вайне, для гэтых мэт больш пасуе УАЗ «Патрыёт».
«Калі Ілана Маска мы пакрыўдзілі чымсьці, то выбачаемся», – сказаў на заканчэнне кіраўнік рэгіёну.
У жніўні кіраўнік Чачэніі заяўляў, што Маск перадаў яму Cybertruck. На відэазапісе, размешчаным у тэлеграм-канале кіраўніка Чачэніі, ён праехаўся на электрааўтамабілі па вуліцах Грознага. У багажніку машыны быў устаноўлены кулямёт. З ягоных слоў, аўтамабіль быў накіраваны на фронт.
Пазней сам Маск зняпраўджваў інфармацыю пра падарунак Cybertruck. Ты сур'ёзна настолькі адсталы, што думаеш, быццам я падарыў Cybertruck расейскаму генералу? - пісаў ён у сацсетцы X.
Праз некаторы час Tesla дыстанцыйна адключыла Cybertruck. Тады Кадыраў казаў, што Маск паступіў «не па-мужчынску».