24 студзеня 2025, Пятніца, 3:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генерал Ходжэс: Украінцы робяць неймаверныя рэчы

19
Генерал Ходжэс: Украінцы робяць неймаверныя рэчы
БЭН ХОДЖЭС

Названае прозвішча таго, хто зруйнуе Крымскі мост.

Вызваленне Крыма мае вызначальнае значэнне для ўсёй вайны. Украіна павінна зрабіць усё, што ёй пад сілу, каб расейскі вайсковы марскі флот і вайсковыя паветраныя сілы не маглі спакойна функцыянаваць на тэрыторыі паўвыспы. Такое меркаванне выказаў вайсковы аналітык і былы камандзір наземнымі войскамі ЗША ў Еўропе Бэн Ходжэс у інтэрв'ю для Hromadske.

З ягоных слоў, Расея таксама павінна страціць магчымасць выкарыстоўваць Крым як лагістычны хаб.

«Большая частка расейскага Чарнаморскага флоту ўжо выведзеная з Севастопаля. Украінскія ўзброеныя сілы робяць так, каб Расея не магла выкарыстоўваць Крым у вайсковых мэтах. Таксама ўкраінцам удалося знішчыць большасць буйных паромаў, якія Расея выкарыстоўвала для пастаўкі вайсковага рыштунку ў Крым. Але застаецца яшчэ Крымскі мост. Расейцы шмат зрабілі, каб абараніць яго. А зрэшты, калі прыйдзе час, яго таксама знішчаць», - запэўніў экспэрт.

Таксама журналіст спытаў у Ходжэса, ці можна знішчыць Крымскі мост ракетамі Taurus і ATACMS, на што ён адказаў:

«Не, гэта не тая зброя, якой знішчаюць масты. Удары гэтымі ракетамі могуць зрабіць дзірку ў мосце. Але гэтага недастаткова. Там занадта шмат сталі і бетону. Таму спатрэбіцца велізарная колькасць выбухоўкі розных тыпаў. Каб знішчыць гэты мост, патрэбная добра спланаваная аперацыя. Недастаткова толькі аднаго ўдару, каб разабрацца з такой пераправай. Я думаю, калі хтосьці ў свеце і можа знішчыць гэты мост, то гэта генерал Буданаў. Я ўпэўнены, што ў ГУВ ёсць людзі, якія працуюць над планам знішчэння Крымскага моста».

Акрамя таго, вайсковага аналітыка спыталі, калі Украіна пачне выкарыстоўваць знішчальнікі F-16 для процідзеяння расейскім самалётам, якія бамбуюць прыфрантавыя гарады КАБамі. Ён адзначыў, што гэтыя знішчальнікі не з'яўляюцца магічнай зброяй, якая зменіць ход вайны.

«Ва Украіны не так шмат пілотаў. І вы не можаце рызыкаваць імі. Я дакладна ведаю, што Украіна будзе мець найлепшы парк F-16 на планеце, бо ўкраінцы вельмі хутка вучацца карыстацца новымі тэхналогіямі. Украінцы робяць рэчы, якія былі б немагчымыя ні ў якіх іншых вайскова-паветраных сілах. Урэшце, удары авіяцыі спатрэбяцца для таго, каб ізаляваць Крым і не даць расейцам магчымасць выкарыстоўваць паўвыспу для вядзення вайны супраць Украіны», - мяркуе Ходжэс.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках