25 студзеня 2025, Субота, 9:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вугоршчыне ліквідуюць прыналежную «кішэні» Лукашэнкі кампанію

2
У Вугоршчыне ліквідуюць прыналежную «кішэні» Лукашэнкі кампанію
ВІКТАР ШАЎЦОЎ. выява Створаная з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. КАЛАЖ БЕЛАРУСКАГА РАССЛЕДЧАГА ЦЭНТРА

На пастанову суду.

Беларускі расследчы цэнтр знайшоў вугорскую кампанію «кішэні» Аляксандра Лукашэнкі Віктара Шаўцова. Праз яе ён не толькі зарабляў у Еўропе, але і быў звязаны з кіраўніцай праграмы «залатых ВНЖ» Вугоршчыны, якая трапіла ў цэнтр міжнароднага скандалу. Праз увядзення санкцый супраць беларускага бізнэсмэна мясцовыя падатковыя органы пастанавілі ліквідаваць ягоную кампанію, піша БРЦ.

Ад бананаў да серы

Еўрапейскую кампанію фігуранта папярэдніх расследаванняў БРЦ ліквідуюць – цэнтр даведаўся, што зарэгістраваная ў Вугоршчыне PS Commodities Kft належыць беларускаму бізнэсмэну Віктару Шаўцову. У пачатку верасня 2024 года Цэнтральны акруговы суд Будапешта прыняў пастанову аб прыпыненні дзейнасці гэтай фірмы праз унясенне яе ўладальніка ў санкцыйны спіс ЕЗ.

«Калі Суду становіцца вядома, што кампанія або яе ўдзельнік падпадаюць пад дзеянне міжнародных фінансавых або маёмасных абмежавальных захадаў, Суд прыпыняе дзейнасць кампаніі», – гаворыцца ў пастанове.

У 2023 годзе выручка PS Commodities Kft склала блізу 850 тысячаў еўраў. Год таму – блізу 650 тысячаў еўраў. На сайце кампаніі гаворыцца, што яна прадае бананы з Эквадора і Калумбіі, угнаенні, хімічныя і гумовыя прадукты. Таксама кампанія называе сябе дыстрыбутарам вугорскіх маторных аліваў MOL. Пры гэтым на запыт нашых партнёраў з вугорскага выдання Átlátszó у кампаніі-вытворцы адказалі, што не супрацоўнічаюць з фірмай Шаўцова.

Зарэгістраваная PS Commodities Kft у доме, які належыць кампаніі вугоркі Крысціны Шымон. Яна кіравала дзяржаўнай праграмай выдачы ПМЖ за інвестыцыі. Вугорскія ўлады прыпынілі яе ў 2017 годзе пасля крытыкі грамадскасці за непразрыстасць схемы. Расейская «Новая газета» і вугорскія журналісты высветлілі, што сярод атрымальнікаў «залатых ВНЖ» былі ўплывовыя расейцы: напрыклад, чальцы сям'і кіраўніка Службы знешняй выведкі Расеі Сяргея Нарышкіна.

З Крысцінай Шымон Віктара Шаўцова звязвае і іншая нерухомасць вугоркі – яшчэ адзін яе дом пазначаны ў бізнэс-рэгістры Вугоршчыны як адрас для карэспандэнцыі беларускага бізнэсмэна.

Ратуючы актывы

Шаўцоў трапіў пад санкцыі ЕЗ і Швэйцарыі ў жніўні 2024 года праз тры месяцы пасля выхаду расследавання БРЦ аб манаполіі на вытворчасць ахоўных галаграмаў у Беларусі. БРЦ высветліў, што ён быў адным з галоўных бенефіцыяраў гэтага бізнэсу. У іншым расследаванні журналісты-расследнікі даказалі, што Шаўцоў звязаны з кампаніяй, якая павінна была надрукаваць пашпарты «Новай Беларусі». БРЦ даведаўся, што бізнэсмэн блізкі да беларускіх уладаў: толькі за 2008–2013 гады жруналісты-расследнікі налічылі тры дзясяткі паездак Шаўцова з чыноўнікамі і іншымі набліжанымі Аляксандра Лукашэнкі. Таксама ён вядомы як пасярэднік беларускай дзяржавы ва ўгодах з аўтарытарнымі рэжымамі, такімі як Ірак Садама Хусэйна і Венесуэла Уга Чавеса.

Віктар Шаўцоў спрабуе аспрэчыць уведзеныя супраць яго санкцыі. На сайце Суда Еўрапейскага Звязу БРЦ знайшоў рэгістрацыю справы «Шаўцоў супраць Рады ЕЗ». Таксама ён спрабуе абараніць свой беларускі бізнэс. Напрыклад, у жніўні 2024 года ў дакументах аднаго з ягоных галоўных актываў – УП «Тэхнахімтрэйд» – змяніўся заснавальнік. Новым уладальнікам кампаніі значыцца Максім Лапікаў. Яго можна назваць чалавекам Шаўцова: з 2019 года ён кіруе кампаніяй бізнэсмэна ТАА «Музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”», дзе да гэтага працаваў кіроўцам.

БРЦ даслаў Віктару Шаўцову і Крысціне Шымон запыты з просьбай пракаментаваць выкладзеныя вышэй факты. Адказу на момант публікацыі БРЦ не атрымаў. Таксама БРЦ звярнуўся ў Нацыянальную падатковую і мытную адміністрацыю Вугоршчыны па каментар аб прычынах ліквідацыі кампаніі PS Commodities Kft. Установа адмовілася падаць якую-небудзь інфармацыю, спаслаўшыся на падатковую таямніцу.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках