15 студзеня 2025, Серада, 8:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ілан Маск: Толькі 1% дзяржслужбоўцаў ЗША рэальна прыходзіць на працу

26
Ілан Маск: Толькі 1% дзяржслужбоўцаў ЗША рэальна прыходзіць на працу
ІЛАН МАСК

Бізнэсмэн мае намер скараціць федэральны бюракратычны апарат.

Ілан Маск заявіў, што толькі блізу 1% амерыканскіх дзяржслужбоўцаў сапраўды прыходзяць на працу і адпрацоўваюць поўны тыдзень.

«Калі выключыць ахоўнікаў і абслуговы персанал, то колькасць дзяржаўных службоўцаў, якія прыходзяць асабіста і працуюць 40 гадзінаў на тыдзень, набліжаецца да 1%! Амаль ніхто», – напісаў Маск у сацсетцы Х.

Так ён адказаў на публікацыю New York Post, у якой выданне, спасылаючыся на звесткі сенацкай справаздачы, паведамляе, што толькі 6% федэральных службоўцаў прыходзяць на працу на сталай аснове. Як адзначае газета, гэты лік рэзка кантрастуе з звесткамі да пандэміі COVID-19, калі толькі 3% дзяржслужбоўцаў працавалі дыстанцыйна на сталай аснове.

Маск, прызначаны абраным прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам (заступіць на пасаду 20 студзеня) кіраўніком Дэпартамента эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання (DOGE) у будучай адміністрацыі, неаднаразова крытыкаваў неэфектыўнасць бюракратычнага апарату ў Штатах. Таксама ён гаварыў пра жаданне скараціць федэральныя выдаткі на $2 трлн і абяцаў «выклікаць шок у сістэме і ва ўсіх, хто датычны да растраты дзяржаўных сродкаў».

Сам бізнэсмэн 21 лістапада прапанаваў абрысы свайго плану пасля 20 студзеня ў калонцы для The Wall Street Journal (WSJ). Сярод іншага ён згадаў неабходнасць скараціць федэральны бюракратычны апарат: DOGE плануе прааналізаваць мінімальную колькасць супрацоўнікаў, неабходных наглядным органам для выканання іх канстытуцыйна дапушчальных і прадпісаных законам функцый.

«Колькасць федэральных службоўцаў, якія падлягаюць скарачэнню, павінна быць сама менш прапарцыйная колькасці скасаваных федэральных правілаў», – мяркуе бізнэсмэн. На ягоную думку, да хвалі звальненняў можа прывесці ў тым ліку забарона на дыстанцыйную працу, «што мы вітаем». Згадаў ён і пра тое, што трэба максімальна дапамагчы скарочаным супрацоўнікам на час іх пераходу на іншую працу.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках