Генерал-маёр СБУ: Расея праводзіць дыверсіі, якія папярэднічаюць высадцы дэсанту
11- 6.12.2024, 14:17
- 11,034
NATO трэба рэагаваць.
Члены экіпажа расейскага судна стралялі па верталёту войска Нямеччыны, які выконваў выведвальную місію, сігнальнымі ракетамі. Пра тое, што адбылося, згадала на палях сустрэчы NATO ў Брусэлі кіраўніца МЗС ФРГ Аналена Бербок.
Як Захад павінен рэагаваць на такія правакацыі?
Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з экс-намеснікам кіраўніка Службы бяспекі Украіны, генерал-маёрам у запасе Віктарам Ягуном:
- Вельмі проста - патрэбная жорсткая пазіцыя, проста спыніце мець стасункі. Але Еўропа гуляе ў падвойную гульню. З аднаго боку - распавядае, як перажывае за Украіну, як усе падтрымліваюць санкцыі. А з іншага боку, напрыклад, прэм'ер Вугоршчыны Орбан зараз звярнуўся да ЗША, маўляў, як бы нам зрабіць так, каб можна было плаціць за расейскі газ.
Ды вызначыцеся вы нарэшце - мы ваюем з гэтай краінай, не ваюем, мы супрацьстаім ёй, не супрацьстаім. Я даўно ўжо сказаў, што ідзе вайна, і гэта не нейкая гібрыдная вайна, гэта гарачая фаза. Такія дзеянні ідуць перад тым, як пачаць фактычную высадку таго ж дэсанту. Напрыклад, дзе-небудзь на астравах ці на ўзбярэжжы, альбо прарваць мяжу танкамі.
Ідзе дыверсійная работа, ідзе выведвальная работа, прычым, актыўная, дыпламаты Расеі раз'язджаюць па Еўропе. ЕЗ прыняў у свае абдымкі мноства людзей, дапамогу ім прапануе, а з тысячы гэтых уцекачоў адзін дакладна будзе агентам ФСБ. Маючы процьму грошай, процьму магчымасцяў, падкупляючы не толькі тых, якія займаюцца нейкімі дробнымі паскудствамі, але і палітыкаў, расейцы рэальна спрабуюць дэстабілізаваць сітуацыю ў Еўропе.
Ідзе дыверсійная вайна, людзі гінуць. Я не ведаю, якія яшчэ патрэбныя пацвярджэнні. Калі адбыліся выбухі складоў у Чэхіі і Балгарыі - гэта ж актыўная фаза вайны. Прычым, ужо ёсць дакладная інфармацыя аб тым, што тыя ж самыя выведнікі, якія былі зафіксаваныя ў Вялікай Брытаніі, займаюцца вярбоўкай для адпраўкі дыверсантаў у Еўропу.
- Кіраўнік Федэральнай выведвальнай службы Нямеччыны зусім заявіў, што праз дыверсіі можа быць выкарыстаны 5-ы артыкул Статута NATO. Ці магчымы такі сцэнар?
- Я думаю, хутчэй за ўсё, што Расея хоча гэтага, яна хоча прадэманстраваць нежыццяздольнасць NATO. РФ спрабуе якраз справакаваць канфлікт у якім-небудзь натаўскім рэгіёне. Хутчэй за ўсё, гэта можа быць балтыйская краіна, бо Расея ведае гэтую тэрыторыю, у яе там ёсць вельмі магутная агентура.
Напрыклад, у Латвіі ёсць вёскі, якія мяжуюць з Расеяй, там нават калі нехта зойдзе і павесіць расейскі сцяг, то ніхто нічому не здзівіцца. Расейцы могуць зайсці туды якой-небудзь дыверсійнай групай пад сцягам афрыканскай рэспублікі. Не паказваць, што гэта Расея, прадэманстраваць, што еўрапейцы не могуць абараніць нават сваю маленькую краіну.
Далей будзе рэакцыя. Славаччына, дапусцім, гаворыць: «А, можа, гэта не дыверсанты, можа, гэта не расейцы, гэта нейкія іншапланецяне. Давайце разбяромся, давайце пашлем туды групу перамоўнікаў».
І вось яны тыдзень будуць там «квасіцца», разбіраючыся, хто гэта напаў, чаму напалі. А Расея будзе вельмі акуратна і прыгожа працаваць у тых краінах, якія тэарэтычна хочуць у Еўропу, у NATO, тыя ж, напрыклад, балканскія краіны, тая ж Грузія, Малдова, ва Украіне ёсць нават вагальныя адсоткаў 15-20. Вось на гэтых людзей будуць разлічваць і паказваць: «Глядзіце, вы хочаце ў Еўропу? Дык яны сябе не могуць абараніць».
І гэта яшчэ раз будзе адзін з аргументаў для тых сілаў у самой Еўропе, якія супрацьстаяць інтэграцыі, аб'яднанню, якія будуць казаць: «Давайце лепш мы скончым гэтыя ўсе аб'яднальныя рэчы, давайце мы будзем самі сябе абараняць».
А калі ты падзелены, цябе нашмат лягчэй па адзіночцы знішчаць. Ужо зараз кабелі рвуць, заводы падрываюць, лагістыку, чыгуначныя шляхі знішчаюць. Што яшчэ трэба? Засталося толькі, каб яшчэ нейкія танкі зайшлі на якую-небудзь тэрыторыю, дэсант недзе высадзіўся.
Я заўсёды быў прыхільнікам таго, каб біць на апярэджанне. Гэта ж псіхалогія злачынца з падваротні, у нас гопнікамі іх называюць. Нельга чакаць, што ён падыдзе да цябе і спытае цыгарэтку ці мабільны тэлефон патэлефанаваць. Калі ты бачыш, з кім будзеш мець зараз справу, то трэба проста ўдарыць яго першым.