Палітолаг: Сітуацыя ў Еўропе мяняецца
3- 6.12.2024, 14:49
- 8,326
Ці з'явяцца новыя «чэрчылі»?
«Украіна павінна атрымаць перамогу ў гэтай вайне, а Расея - пацярпець у гэтай вайне паражэнне», - заявіў кандыдат у канцлеры Нямеччыны ад кансерватыўнага блока ХДС/ХСС Фрыдрых Мэрц.
Мэрц выступае за перадачу Украіне ракет TAURUS і размовы з Расеяй з пазіцыі сілы. Як зменіцца расклад сіл, калі Нямеччына зойме такую актыўную пазіцыю?
Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім палітолагам, прафесарам Кіеўскага Нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі Пятром Алешчуком:
- Я не магу сказаць, што ўрад Олафа Шольца не дапамагаў Украіне. Урад Шольца, напрыклад, забяспечыў большую частку сістэм Patriot, якія на гэты момант ёсць на ўзбраенні ва Украіны. Агулам шмат сістэм СПА нямецкі ўрад перадаў у часы канцлерства Шольца.
Але ёсць пэўныя абмежаванні, якія сам для сябе Шольц выбудаваў. Відавочна, што гэта звязанае з бояззю таго, што калі ён, напрыклад, перадасць Украіне ракеты TAURUS, то Расея гэта ўспрыме як наўпроставую пагрозу для сябе і, адпаведна, пачне нейкія агрэсіўныя дзеянні супраць Нямеччыны.
Мэрц, відавочна, такіх абмежаванняў на сябе не накладвае, пра што і гаворыць. Калі казаць аб падтрымцы Украіны, то, напэўна, менавіта дальнабойныя ракеты - гэта апошняе, што засталося з таго, чым Нямеччына магла б дапамагчы Украіне. Натуральна, размова ідзе аб захаванні адпаведных тэмпаў, аб магчымым іх нарошчванні, аб перадачы зброі і да таго падобнае. Аднак гэтую перадвыбарчую заяву, мы не ведаем, наколькі Мэрц, калі стане канцлерам Нямеччыны, будзе рэалізоўваць тую палітыку, якую ён задэклараваў раней, а не нейкім чынам змяніў бы гэты вектар.
Канцлер Нямеччыны не можа самастойна прымаць такія пастановы, ён будзе арыентавацца на пазіцыю хаўруснікаў па блоку NATO. А там шмат будзе залежаць ад пазіцыі ЗША і новай амерыканскай улады. Думаю, што пакуль рана займацца прадказаннямі таго, якую палітычную лінію зойме Мэрц у якасці гіпатэтычнага канцлера Нямеччыны.
Але шанец на тое, што ён здыме абмежаванні, якія раней штучна ўвёў Шольц, ёсць.
- З перамогай Трампа актывізавалася тэма мірных перамоў, але ж Еўропа яшчэ не сказала свайго канчатковага слова. Ці ёсць на старым кантыненце, вобразна кажучы, «чэрчылі»? Ці засталіся толькі «чэмберлены»?
- Еўропа доўгі час прывыкла знаходзіцца ў цені Злучаных Штатаў, калі мы гаворым пра геапалітыку і геапалітычныя пастановы. Пазіцыя еўрапейцаў была простай: мы займаемся эканомікай, а абарона - гэта прэрагатыва Злучаных Штатаў праз блок NATO.
Цяпер сітуацыя мяняецца. Еўропа вымушаная шукаць развязанні для сваёй уласнай бяспекі. Я не магу сказаць, што ў сучаснай Еўропе шмат палітыкаў, якія гатовыя дэманстраваць лідарскія здольнасці. Гэта праблема, працяглы час падбор палітычнага кіраўніцтва краін Еўропы будаваўся на крыху іншых прынцыпах, чым, напрыклад, патрабаванне прыняцця якіх-небудзь складаных і рызыкоўных пастаноў.
Сучасныя еўрапейскія палітыкі больш схільныя пазбягаць якіх-небудзь складаных пастаноў, а не прымаць іх.
Але таксама трэба разумець, што новыя выклікі патрабуюць ад еўрапейскіх палітыкаў эвалюцыянаваць і змяняцца. Вядома, мы разумеем, што яны ў значнай ступені будуць і надалей арыентавацца на пазіцыю ЗША. Але калі адбудзецца гіпатэтычны канфлікт з амерыканскай уладай, то Еўропе давядзецца браць адказнасць за многія пытанні на сябе. І я думаю, што ўнутрана ўжо многія еўрапейскія палітыкі да гэтага гатовыя. Але сітуацыя развіваецца нашмат хутчэй, чым яны прымаюць адпаведныя пастановы.
Ужо тры гады таму было зразумела, што трэба запускаць на поўную магутнасць еўрапейскую вайсковую прамысловасць, але, на жаль, адпаведныя пастановы не былі даведзеныя да лагічнага заканчэння. Пакуль што Еўропа шмат у чым разлічвае на ЗША, але не выключана, што найбліжэйшым часам ім давядзецца істотна пераглядаць сваю палітыку.
- У апошні час аднавіліся размовы аб магчымай адпраўцы еўрапейскіх вайскоўцаў ва Украіну. Сам Зяленскі казаў, што вітаў бы такі крок. Як вы думаеце, ці магчымы такі сцэнар у агляднай будучыні?
- Пакуль гэта ўсё абмяркоўваецца толькі ў кантэксце гіпатэтычнага падпісання нейкага пагаднення аб спыненні агню. Гаворыцца аб стварэнні нейкай дэмілітарызаванай зоны, якая павінна патрулявацца, напрыклад, еўрапейскімі войскамі.
Чаму менавіта еўрапейскімі? Як раней заявіў Джэй Дзі Вэнс - новаабраны віцэ-прэзідэнт ЗША - амерыканцы не павінны ўдзельнічаць у ваенным заканчэнні гэтай вайны, усё павінна ўзяць на сябе Еўропа.
Шэраг еўрапейскіх урадаў гаварыў аб тым, што гэта пытанне можа абмяркоўвацца. Можа абмяркоўвацца, але пакуль што развязання няма. Ізноў жа, паўтаруся, гэта толькі ў выпадку падпісання нейкага пагаднення аб спыненні агню, што не выглядае, скажам так, самым відавочным варыянтам на найбліжэйшы час.