Politico: Вугорскія спецслужбы шпіёнілі за чыноўнікамі ЕЗ
4- 6.12.2024, 18:08
- 4,420
Абшуквалі гатэльныя нумары і запісвалі тэлефонныя размовы.
Вугорская выведвальная служба шпіёніла за службоўцамі ЕЗ, якія наведвалі краіну, сведчаць звесткі супольнага расследавання вугорскага цэнтра журналісцкіх расследаванняў Direkt36 і бельгійскага выдання De Tijd.
Паводле яго звестак, супрацоўнікі Інфармацыйнай управы Вугоршчыны (IH) абшуквалі гатэльныя нумары, у якіх спыняліся чыноўнікі ЕЗ і запісвалі іх тэлефонныя размовы, піша Politico.
Аб'ектам сачэння, дарэчы, сталі следчыя Еўрапейскага бюро барацьбы з махлярствам (OLAF), якое ў свой час расследавала справу вугорскай кампаніі, якая належала зяцю прэм'ер-міністра Віктара Орбана.
У расследаванні прыводзяцца прыклады з 2015 да 2017 года, калі чыноўнікі ЕЗ, якія працавалі на OLAF і прыязджалі ў Вугоршчыну, падчас паездак на аўтамабілях станавіліся аб'ектамі сачэння, а іх тэлефоны праслухоўваліся.
У публікацыі таксама ўказана, што звычайнай практыкай вугорскай выведкі з'яўляецца ператрус гатэльных нумароў дэлегацый ЕЗ, якія прыязджаюць з візітам, і загрузка звестак з іх ноўтбукаў.
Будапешт ужо даўно абвінавачваюць ва ўзломе тэлефонаў журналістаў, актывістаў і апазіцыянераў.
У 2021 годзе адзін з вугорскіх заканадаўцаў прызнаў, што ўрад набыў ізраільскае шпіёнскае праграмнае забеспячэнне.
Раней сёлета кібератаку зазнаў дэпутат Еўрапарламента, крытычна настроены да Вугоршчыны.