Карлсан сеў у лужыну з Беларуссю
16- 6.12.2024, 23:13
- 34,762
Дзіўны эпізод, у якім прыгадваецца наша краіна.
У інтэрв'ю расейскага міністра замежных справаў Сяргея Лаўрова Такеру Карлсану ёсць згадка пра нашу краіну, піша «Салiдарнасць».
Бліжэй да канца размовы Карлсан раптам спытаў:
– За апошні месяц, які прайшоў пасля [амерыканскіх] выбараў, у рэгіёне адбыліся розныя палітычныя падзеі. У Грузіі, Беларусі, Румыніі, а потым, што асабліва прыкметна, у Сірыі адбываюцца беспарадкі. Ці не здаецца вам гэта часткай намаганняў ЗША зрабіць сітуацыю больш складанай?
Па-першае, амерыканскі госць змяшаў у адну кучу, як кажуць у народзе, «людзей, [дзяўчатаў з паніжанай сацыяльнай адказнасцю] і коней». У Грузіі сапраўды пачаліся пратэсты. У Сірыі, якую ўжо зусім цяжка аднесці да нашага рэгіёну, варожыя Башару Асаду сілы ўстанавілі кантроль над некалькімі буйнымі гарадамі. У Румыніі адбыўся скандал, звязаны з расейскім умяшаннем у прэзідэнцкія выбары.
Але ў Беларусі нічога пад вызначэнне «беспарадкі» за апошні месяц не адбывалася. Беззаконне сілавікоў – так, але і яно доўжыцца ўжо пяты год. Але ніякіх вулічных акцый, тым больш узброеных сутыкненняў.
Самае пацешнае, што Лаўроў не паказаў Карлсану на гэты промах. Міністр адказаў:
– Шчыра кажучы, у гэтым няма нічога новага. Гістарычна ЗША ў знешняй палітыцы імкнуліся стварыць нейкія праблемы, а потым глядзець, ці могуць яны «злавіць рыбу ў мутнай вадзе»: іракская агрэсія, лівійская «авантура» ці, у сутнасці, разбурэнне дзяржавы, уцёкі з Афганістана.
Зрэшты, нашу краіну Лаўроў таксама згадаў, хоць і не ў кантэксце «беспарадкаў».
– Калі АБСЕ назірала за выбарамі ў Расеі, то гэта заўсёды былі вельмі негатыўныя справаздачы. Таксама было ў Беларусі і ў Казахстане.
Звяртае на сябе ўвагу і тое, што амерыканец сфармуляваў сваё пытанне як крамлёўскі прапагандыст: «Ці не здаецца гэта вам часткай намаганняў ЗША зрабіць сітуацыю больш складанай?»
Зрэшты, Карлсан даўно выступае ў гэтым амплуа, так што здзіўленне ад падобнай «падачы» ужо не ўзнікае. Яны толькі падкрэсліваюць мэты, якія пераследуе інтэрв'юер – сэрвільны падносчык пытанняў спачатку Уладзіміру Пуціну, а цяпер Сяргею Лаўрову.