Менскіх дашкольнікаў кармілі мясам з жывёламагільнікаў
31- 6.12.2024, 21:56
- 24,976
Дзейнічала цэлая злачынная група.
Генеральны пракурор паведаміў Аляксандру Лукашэнку аб пераследзе «ўдзельнікаў арганізаваных групаў», якія перапрацоўвалі і прадавалі мяса жывёлаў з магільнікаў. Гэтае мяса пастаўлялі ў тым ліку ў дашкольныя ўстановы Менска і Менскага раёна. Пра гэта ідзе гаворка ў дакладной запісцы, копію якой «Белсат» атрымаў ад BELPOL.
Адрасат дакумента, падпісанага генпракурорам Андрэем Шведам, – Аляксандр Лукашэнка. У дакладной запісцы размова ідзе пра захады супраць асобаў, якія забіралі з магільнікаў тушы буйной рагатай жывёлы.
Андрэй Швед канстатуе, што кожны год сілавікі выяўляюць сотні фактаў утойвання падзяжу, пастаўкі тушаў дохлай жывёлы пад выглядам жывой на забойныя пляцоўкі, продаж такой жывёлы.
«За апошнія тры гады паводле гэтых фактаў парушэнняў пракуроры завялі больш за 450 крымінальных справаў, яшчэ больш за 600 – іншыя праваахоўныя органы».
У апошні час выяўленыя ўдзельнікі арганізаваных групаў, якія перапрацоўвалі і прадавалі мяса жывёлаў з магільнікаў на тэрыторыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Гомельскай, Менскай і Магілёўскай абласцей.
У рамках толькі адной справы следчыя даведаліся, што летась такая злачынная група прадала не менш як 22 тоны мяса дохлых жывёлаў пад выглядам дабраякаснай ялавічыны арганізацыям гандлю і грамадскага харчавання Менска, Менскай вобласці і ў Расею.
Арыштаваныя 9 чалавек, у тым ліку кіраўнікі і заснавальнікі камерцыйных арганізацый. Яшчэ 13 чалавек – у статусе падазраваных.