WSJ: Дзве краіны прапанавалі Асаду пакінуць Сірыю
- 7.12.2024, 10:40
- 25,510
Сям'я дыктатара ўжо ў Расеі.
Егіпецкія і іярданскія афіцыйныя асобы заклікалі дыктатара Сірыі Башара Асада пакінуць краіну і сфармаваць часовую раду, якая ўключае апазіцыю, піша The Wall Street Journal са спасылкай на ананімных супрацоўнікаў сірыйскай службы бяспекі і арабскіх афіцыйных асобаў.
Паводле звестак крыніцаў WSJ, Асад застаецца ў Сірыі – ва ўсякім разе, быў там у пятніцу, 6 снежня, – у той час як ягоныя жонка і дзеці на мінулым тыдні нібы выправіліся ў Расею, а зяці – у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.
Аб'яднаныя апазіцыйныя сілы між тым набліжаюцца да сірыйскага горада Хомса, перад гэтым узяўшы пад кантроль гарады Хама і Алепа. Яны сцвярджаюць, што захапілі таксама паўднёвы горад Дараа – стратэгічны пункт на дарозе, якая вядзе ў Іярданію, той самы, з якога ў 2011 годзе пачалася хваля грамадзянскіх пратэстаў, пасля названая «Дамаскай вясной». WSJ падкрэслівае, што атрымаць незалежнае пацверджанне гэтых звестак немагчыма.
Газета піша, што бітва за Хомс можа стаць «вызначальнай» для ўраду Асада, сілы якога спрабуюць абараняць асноўныя стратэгічныя раёны. Камандзір паўстанцаў Хасан Абдул-Гані апублікаваў у сацсетках паведамленне, што яны «вызвалілі апошнюю вёску на ўскраіне горада Хомс і цяпер знаходзяцца каля яго сценаў», таму даюць прыхільнікам Асада, якія засталіся там, «шанец уцячы».
Хомс – адзіны пакінуты за сірыйскім урадам буйны горад на дарозе, якая злучае ўтрыманыя паўстанцамі раёны на поўначы Сірыі з Дамаскам. Колькасць яго насельніцтва складае прыкладна 800 тысячаў чалавек. Калі апазіцыйныя сілы возьмуць Хомс пад кантроль, то войскі Асада страцяць доступ да прыбярэжнага раёна, дзе жыве лаяльная да прэзідэнта алавіцкая меншасць, і расейскіх вайсковых базаў на Міжземным моры.
Арабскія дзяржавы, уключаючы ААЭ і Катар, занепакоеныя хуткасцю наступу паўстанцаў і дэстабілізацыяй сітуацыі ў рэгіёне, рызыка якой праз гэта ўзнікла. Асад заклікаў Турцыю ўмяшацца, каб спыніць прасоўванне апазіцыйных сілаў, і папрасіў зброю і іншую дапамогу ў Эміратаў, Егіпта, Іярданіі і Ірака, але да гэтага часу, паводле словаў крыніцаў WSJ, яму адказвалі адмовай.
На ўсходзе краіны падтрыманыя ЗША Сірыйскія дэмакратычныя сілы (СДС, SDF) увайшлі ў горад Дэйр-эз-Зор і іншыя раёны на захад ад ракі Еўфрат. Паўстанцы таксама сцвярджаюць, што захапілі вайсковую базу і вызвалілі зняволеных з цэнтральнай турмы Эс-Сувейда.
Хуткасць наступу, які ўзначальвае «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS) – суніцкая ісламісцкая арганізацыя, прызнаная некаторымі краінамі тэрарыстычнай, – стала нечаканасцю для сірыйскага ўраду і многіх іншых назіральнікаў, сцвярджае WSJ. Лідар HTS Абу Махамед аль-Джаўлані сказаў, што прэтэндуе не менш чым на скіданне Асада. «Мы маем права выкарыстоўваць усе даступныя сродкі для дасягнення гэтай мэты», – сказаў ён у інтэрв'ю CNN 6 снежня.
Паўстанцы апублікавалі ў сацсетках відэа свайго прасоўвання з горада Хама, дзе мінулай ноччу знеслі помнік бацьку Асада – экс-прэзідэнту Сірыі Хафезу Асаду, – у бок Хомса. Адтуль, як піша WSJ са спасылкай на сваю крыніцу, многія жыхары за апошнія дні выехалі ў бок узбярэжжа па ключавой аўтамагістралі, якая цяпер можа перайсці пад кантроль баевікоў.
Раёны на поўнач ад горада абстрэльваюцца ўрадавымі войскамі, якія такім чынам спрабуюць перашкодзіць штурму. Сірыйскае дзяржаўнае інфармагенцтва са спасылкай на войска Асада паведаміла, што ў Хомс прыбыло гатовае абараняць горад падмацаванне.
Нагадаем, сёння ў Катары павінна прайсці трохбаковая сустрэча міністраў замежных справаў Расеі, Турцыі і Ірана, якія абмяркуюць сітуацыю ў Сірыі.